Віталь Рымашэўскі: Лукашэнка пагаджаецца на ўсе ўмовы Крамля

18 красавіка 2014 16:29  |  Палітыка

Перамовы з беларускім кіраўніком бессэнсоўныя. Пра гэта
сайту charter97.org заявіў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі
«Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Віталь Рымашэўскі, каментуючы
размова Дональда Туска з Аляксандрам Лукашэнкам пра Украіну.

 

«Перамовы – гэта неад’емная частка палітыкі і дыпламатыі, і
размаўляць трэба. Але эфектыўнасць размовы Туска з Лукашэнкам блізкая нуля.
Лукашэнка падсадзіў Беларусь на залежнасць ад Расіі, і выцягнуць яе з гэтай
залежнасці Захад не здольны. Таму прапанаваць беларускаму кіраўніку ні Туску, ні
іншым заходнім палітыкам па сутнасці няма чаго», – перакананы Віталь
Рымашэўскі.

 

На думку сустаршыні БХД, знікненне з БелТА і «Інтэрфакса»
навіны аб размове польскага прэм’ера з беларускім дыктатарам сведчыць пра тое,
што Лукашэнка па- ранейшаму спрабуе весці падвойную гульню.

 

«Але ў прынцыпе гэта падобна на агонію злоўленай ў сетку
рыбы, якая сама ў яе зайшла. Таму што ўжо сёння відавочна, што здача
суверэнітэту Беларусі ідзе поўным ходам. Па сутнасці беларускі рэжым згаджаецца
на ўсе ўмовы Крамля, пра што сведчыць размяшчэнне не толькі расійскіх самалётаў,
але і сумесныя вучэнні дэсантных войскаў, а таксама ўсе эканамічныя пагадненні,
прадыктаваныя Крамлём», – падсумаваў Віталь Рымашэўскі.

 

Нагадаем, учора прэм’ер – міністр Польшчы Дональд Туск
паведаміў, што размаўляў па тэлефоне аб сітуацыі ў Украіне з беларускім
кіраўніком.

Болей навін