СААЗ: Беларусы ў сусветных лідарах у спажыванні алкаголю

13 мая 2014 14:40  |  Грамадства

Кожны жыхар нашай
краіны, старэйшы за 15 гадоў, выпівае за год у сярэднім 17,5 літраў чыстага
спірту.

 

У сярэднім,
беларускія мужчыны выпіваюць у год 27,5 літра чыстага спірту, жанчыны – 9,1
літра.

 

Гэта абсалютны
сусветны рэкорд, паведамляе прэс-служба Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.

 

Для параўнання,
штогод на аднаго жыхара Зямлі старэйшых за 15 гадоў прыпадае 6,2 літра чыстага
спірту. Не моцна адстаюць ад беларусаў толькі малдаване і літоўцы, якія
выпіваюць 16,8 літра і 15,4 літра ў год адпаведна. Грамадзяне Расеі апынуліся
толькі на 4-м месцы – 15,1 літра спірту на чалавека.

 

Больш за ўсё на
Зямлі людзі выпіваюць моцнага алкаголю – 50,1%. На другім месцы па папулярнасці
ідзе піва, на якое прыпадае 34,8% спажывання, на трэцім – віно (8%).

 

Беларусы аддаюць
перавагу моцным напоям: больш за 47% спажытага алкаголю прыпадае на гарэлку і
іншыя моцныя аналагі; 17% – піва; 5% – вінаграднае віно. Астатняе аднесена ў
катэгорыю «Іншыя». Хутчэй за ўсё, гэта так званае «бырла» ці пладова-ягадныя
віна – больш за 31%.

 

 

Эксперты СААЗ падкрэсліваюць, што ў людзей, якія празмерна ўжываюць
алкаголь, вышэйшая рызыка развіцця амаль двух сотняў хвароб. Самыя ж
распаўсюджаныя прычыны смерці, звязаныя са спажываннем спіртнога –
сардэчна-сасудзістыя захворванні (33,4% выпадкаў), ненаўмысныя траўмы (17,1%),
хваробы страўнікава-кішачнай сістэмы (16,2%). СААЗ звяртае ўвагу на тое, што
ўжыванне алкаголю прыводзіць да сур’ёзных сацыяльных і эканамічных наступстваў.

Болей навін