Павал Севярынец прэзентаваў “Беларускую глыбіню” ў Воршы (фота)
На парэзентацыі Павал падзяліўся сваім параўнаннем паміж беларусамі поўначы (Полаччына), поўдня (Пружаншчына) і Мінска. Поўнач у яго асацыюецца з цемрай – безбрабудны алкагалізм вёскі, паблажлівае стаўленне да веры і кароткасць чалавечых лёсаў, – значная частка людзей пра якіх ён пісаў у “Лістах з лесу” памерлі з прычыны алкаголю. “Нават, лес там больш цёмны – хвойны” – сказаў Павал. Прычым, такую ж сітуацыю Севярынец заўважае ў большасці населеных пунктах на мяжы з Расеяй.
Наадварот, жыхары поўдня краіны больш светлыя. На той жа Пружаншчыне лес пераважна лісцвены – больш светлы, вера для людзей – норма жыцця, нават, у камендатуры дзе адбываў пакаранне Павал, паўсюль віселі іконы каталіцкія і праваслаўныя. Найбольш жа ўразілі Паўла валасы мясцовых сялянаў. Калі ў царкве мужчыны здымалі шапкі – у царкве станавілася больш светла, бо ў Пружанцаў вельмі светлыя або сівыя валасы.
У Менску ёсць вельмі насычаныя духоўнасцю мясціны – Трасцянец, Няміга, Усходнія могілкі, Курапаты, але людзі іх не заўважаюць. Мінчане – пасажыры, якія праязжаюць ад стацыі “нараджэнне” да станцыі “смерць” толькі гледзячы ў вакно. У “глыбінках” людзі значна глыбей – рэзюміраваў Павал.
Канешне, пад час сустрэчы не абыйшлося без размоваў і пра палітыку.