У Глыбокім змагаюцца за вяртанне права на правядзенне мітынгаў і пікетаў

16 чэрвеня 2014 11:02  |  Палітыка

Чатыры дзясяткі жыхароў райцэнтру падпісаліся пад калектыўным лістом у
Савет Міністраў, дзе выкладзена просьба аб ініцыяванні звароту ў Канстытуцыйны
суд з мэтай ацэнкі рашэння Глыбоцкага райвыканкаму №167 “Аб вызначэнні
месцаў для правядзення мітынгаў і пікетавання” на адпаведнасць Асноўнаму
закону.

 

“Можна было б сабраць болей подпісаў, але для нас было галоўным не
гэта. Мы хацелі накіраваць ліст у Саўмін, каб атрымаць рэакцыю на тое, што ў
нашым Глыбокім адбываецца. Пасля прыняцця рашэння райвыканкаму №167 ад
13.02.2012 у цяперашнім ягоным выглядзе нам не дазволілі ніводнай масавай
акцыі. Хоць мы звярталіся з заяўкамі ў райвыканкам з кастрычніка мінулага года
5 ці 6 разоў”, — гаворыць глыбоцкі актывіст БХД Зміцер Лупач.

 

Першую, кастрычніцкую, адмову актывісты атрымалі таму, што ў рашэнне
райвыканкаму ўносілі змены: былі змененыя месцы, вызначаныя мясцовымі ўладамі
для правядзення масавых акцый. Але астатнія ўмовы засталіся ранейшыя, і
менавіта праз іх масавую акцыю ў Глыбокім правесці стала немагчыма, працягвае
спадар Лупач:

 

“У рашэнні выканкаму №167 ёсць пункт, згодна з якім трэба разам з
заяўкай падаваць копіі дамоваў на абслугоўванне акцыі службамі ЖКГ, міліцыяй і
паліклінікай. Але без дазволу ўладаў ніхто не бярэцца заключаць такія дамовы.
Атрымліваецца зачараванае кола, з якога няма выйсця. Таму ў лісце ў Саўмін мы
просім, каб адтуль ініцыявалі зварот і ў Канстытуцыйны суд дзеля праверкі
адпаведнасці рашэння нашага выканкаму Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь –
галоўнага дзяржаўнага дакумента, дзе замацаваны нашы правы”.

 

Зміцер Лупач мяркуе, што глыбоцкія ўлады, складаючы тэкст рашэння, узялі
прыклад з Віцебскага гарвыканкаму: там рашэнне, якое рэгламентуе парадак
арганізацыі масавых акцый з пунктам пра папярэднія дамовы было прынята яшчэ ў
2009 годзе.

 

Некалькі тыдняў таму віцебскія актывісты таксамадаслалікалектыўны ліст у Савет Міністраў з мэтаю паўплываць на гарадскія ўлады,
каб тыя ўнеслі ў рашэнне адпаведныя змены. Бо ў Віцебску не дазволена ніводнай
вулічнай масавай акцыі па ініцыятыве актывістаў ўжо цягам амаль пяці гадоў.
Ранейшыя спробы схіліць гарвыканкам ды перагляду свайго рашэння былі
беспаспяховыя: з усіх інстанцый актывістам адказвалі, што рашэнне Віцебскага
гарвыканкаму №881 ад 10.07.2009 г. прайшло юрыдычную экспертызу, зацверджана, а
значыць прызнана дасканалым.

Болей навін