У Менску прайшоў маратон салідарнасьці з чалавекам, які бараніў Курапаты і сеў на «хімію» за бел-чырвона-белы сьцяг

03 ліпеня 2014 16:23  |  Грамадства

У менскім офісе БНФ адбыўся маратон салідарнасьці з былым палітвязьнем Рыгорам Кійко, якому патрэбная тэрміновая апэрацыя ў сувязі зь цяжкім анкалягічным захворваньнем.
 
Мастак Рыгор Кійко — вядомы актывіст адраджэнцкага руху, сябра КХП-БНФ, абаронца Курапатаў. У 1997 годзе Рыгор Кійко быў асуджаны на 2 гады «хіміі» за абарону бел-чырвона-белага сьцяга на Дзень Волі.
 
Адна з арганізітарак маратону грамадзкая актывістка Галіна Сіўчык згадала пра той суд: «У прысудзе прагучала, што „Рыгор вінаваты ў зьбіцьці невядомага міліцыянта”. Менавіта гэтак — „невядомага”. Тады яшчэ міліцыянты, відаць, саромеліся сьведчыць, што яны вырывалі з рук людзей бел-чырвона-белыя сьцягі. А вось Рыгор не баяўся адкрыта казаць, што бараніў гэты сьцяг».
 
Удзельнікі маратону праглядзелі рэпартажы беларускага і расейскага тэлебачаньня, якія нагадалі пра шэсьце на Дзень Волі ў 1997 годзе. Кадры пра тое, як сотні людзей са сьцягамі ідуць па праспэкце Скарыны, як узьнікаюць сутычкі зь міліцыянтамі з-за сьцягоў, як сьпікер разагнанага за год да таго Вярхоўнага Савету Сямён Шарэцкі дае інтэрвію: «Не перашкаджайце беларусам будаваць сваю незалежную краіну». Камэра не зьняла, як затрымлівалі Рыгора Кійко, але ён там быў, а потым прасядзеў 3 месяцы на Валадарцы, адкуль амаль на 2 гады адправіўся на «хімію» ў мястэчка Зембін Барысаўскага раёну.
 
Павал Севярнынец, які арганізоўвае кампанію салідарнасьці з Рыгорам Кійко, згадаў, як «дзядзька Рыгор» бараніў Курапаты: «У той самы момант, як пад’ехалі самазвалы і пачалі высыпаць пясок на крыжы, Рыгор прарваўся праз амапаўскі ланцуг і ўскочыў на падножку самазвала, каб неяк спыніць гэта. Да яго падскочылі, скруцілі, кінулі на зямлю і мы толькі чулі, як яго зьбівалі. Мяркую, ён сапраўдны герой, дапамагчы якому зараз — гонар і абавязак усіх беларусаў».
 
Першым сярод удзельнікаў маратону даў грошы на дапамогу Рыгору Кійко мастак Аляксей Марачкін: «Ведаю заможных людзей, якія баяцца дапамагаць, бо заможныя. Кажуць, табе лёгка, ты апазыцыянэр, а мне, калі даведаюцца, што даў грошы, будзе кепска. Але ёсьць жа ўсходняя мудрасьць: «Што аддаў, тое захаваў, а што прыбярог, тое згубіў», — сказаў спадар Марачкін.
 
Ужо два тыдні ідзе кампанія па зборы сродкаў на дапамогу Рыгору Кійко. Пакуль, паводле арганізатараў, сабрана няшмат — некалькі соцень даляраў і некалькі мільёнаў рублёў, якіх яўна ня хопіць на апэрацыю, якую робяць толькі за мяжой. «Мы яшчэ можам дапамагчы, бо чалавек жывы. І з такімі хваробамі людзі вылечваюцца», — перакананая актывістка ініцыятывы «За волю» Ганна Шапуцька.
Мастак Генадзь Драздоў прапанаваў арганізаваць праз Фэйсбук аўкцыён малюнкаў мастакоў суполкі «Пагоня», грошы ад якога пойдуць на дапамогу Рыгору Кійко. Таксама вырашана правесьці дабрачынны канцэрт.
 
Грошы на дапамогу Рыгору Кійко можна перавесьці на рухункі вэб-мані: B315667362087 (беларускія рублі), R171083234228 (расейскія рублі), Z265654535343 (даляры), E207490272649 (эўра). Можна перадаць і праз валянтэраў: +375 44 534-91-13 Юлія, +375 29 275-32-12 Тацьцяна, +375 44 771-98-17 Марына, а таксама перавесьці наўпрост на ягоны хатні адрас: Менск, вуліца Газэты «Правда», 30-216, да запатрабаваньня. Рыгору Іванавічу Кійко.

Болей навін