Жыхары Менску і Валожына патрабуюць абараніць памяць ахвяраў Халакосту
У Менску і Менскай вобласці
распачаты збор подпісаў да яўрэйскай супольнасці Беларусі, Ізраільскай дыпмісіі, рэдактараў найбуйнейшых беларускіх СМІ “з заклікам зрабіць усё магчымае, каб
спыніць будаўніцтва дамоў на месцы масавых расстрэлаў яўрэяў у Валожыне падчас
другой сусветнай вайны”.
У прыватнасці, зварот адрасаваны да старшыні Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын Барыса
Герстэна, амбасадара Ізраілю ў Беларусі Іосіфа Шагала, галоўнага рэдактара газеты “Беларусь сегодня” Паўла Якубовіча, заснавальніка партала TUT.BY Юрыя Зісера.
У звароце адзначаецца, што на
старым вайсковым стадыене ў Валожыне ў лістападзе 1941 года некалькі сотняў
яўрэяў, лепшых прадстаўнікоў яўрэйскай грамады Валожына – равін, спартоўцы,
вайскоўцы, інтэлігенцыя — былі расстраляныя на мясцовым стадыёне. Ахвяры
Халакосту так ніколі і не былі перапахаваныя. Зараз на месцы расстрэлаў плануецца
пабудаваць некалькі шматпавярховых дамоў. Замоўнікамі будаўніцтва з’яўляюцца фірмы СТАА “Дан Прод” і ТАА
“Трайпл”. Земляныя працы на
месцы новабудоўляў плануюцца праводзіць акурат
там, дзе расстрэльвалі і хавалі людзей. Мясцовыя ўлады адмаўляюцца прызнаць
месца масавых расстрэлаў. Грамадскія слуханні па праблеме будаўніцтва дамоў на
гэтым месцы не праводзіліся, і, як падцвердзілі мясцовыя ўлады, дазвол на
пабудову атрыманы.
“Просім Вас дапамагчы неадкладна
спыніць будаўніцтва жылых дамоў на касцях ахвяраў нацызму, правесці грамадскія
слуханні па гэтай праблеме, правесці неабходны шэраг мерапрыемстваў, уключы археалагічныя
раскопкі на месцы массавых расстрэлаў, перапахаваць
і ўшанаваць памяць ахвяраў Халакосту”, – паведамляецца ў звароце.