Жыхары Першамайскага раёна Мінска выступілі супраць ушчыльнення (фота)
30 ліпеня ў актавай залі адміністрацыі
Першамайскага раёна Мінска прайшло грамадскае абмеркаванне плана дэталёвага
планавання двух кварталаў: вул. Я. Коласа – вул. Кнорына – б-р Талбухіна – вул.
К. Чорнага – вул. Калініна – п-т Незалежнасці.
Забудоўшчыкам з’яўляецца ЗАТ “Трэст Прамбуд”, праекціроўшчыкам –
УП “Мінскпраект”. У слуханнях ўдзельнічалі звыш 250 мясцовых жыхароў
і прадстаўнікі гарадскіх уладаў, у тым ліку намеснік кіраўніка адміністрацыі
Першамайскага раёна па будаўніцтве Васіль Касавец і галоўны архітэктар Паліна
Кучынская.
“Намеснік кіраўніка адміністрацыі зусім відавочна асалапеў ад 250
чалавек. Ён, мабыць, разлічваў на 5 чалавек, не было прыгатавана ні мікрафонаў,
ні гучнагаварыцеляў, ні выразнага рэгламенту сустрэчы. Спазніўся на 20 хвілін,
потым яшчэ 10 хвілін наладжваў мікрафоны і апаратуру па патрабаванні людзей. З-за
адсутнасці выразнага рэгламенту праз 30 хвілін усё ператварылася ў натуральны
балаган, базар, хаос, блытаніну”, – распавядае актывіст Беларускай
хрысціянскай дэмакратыі, які браў удзел у слуханнях.
Згодна з планам, забудоўшчык мае намер пабудаваць каля пяці дамоў па
дзесяць паверхаў (пабудаваныя раней дамы маюць вышыню ў 3-5 паверхаў),
шматузроўневую аўтастаянку на 500 месцаў, наземную аўтапаркоўку; рэканструяваць
каля дзесяці дамоў (3-4-павярховых) (дабудаваць (з адсяленнем жыхароў дома)
мансардны паверх); пашырыць вуліцы за кошт высечкі дрэваў (дарога будзе падыходзіць
упрытык да дома, тратуару фактычна не будзе); прыбраць дзіцячую пляцоўку і
рэканструяваць закінуты непрацуючы дзіцячы сад на 230 месцаў. У выніку
колькасць жыхароў вырасце з 4100 чалавек да 8000 чалавек. Пры гэтым колькасць
машынамесцаў складзе не больш за 150 пры нарматыве для Мінска 380 на 1000
жыхароў.
“Будзе жудасная сітуацыя: і так усё упрытык, а машыны яшчэ больш усё
месца запоўняць, нават у свой дом не зойдзеш. Вуліцы вузенькія. Нават цяпер заторы
ўзнікаюць і вельмі шчыльны рух. Што будзе, калі пабудуюць платную шматузроўневую
аўтастаянку на 500 месцаў? Як машыны будуць пад’язджаць, з’язджаць? Там будзе
вечны затор. Гэта абсалютна відавочна”, – адзначае актывіст.
Разам з тым раён адчувае неабходнасць у новай паліклініцы, так як дзеючая
перагружаная. Аднак будаваць яе ніхто не збіраецца. Замест гэтага нагрузка на
ўжо існуючую паліклініку яшчэ больш вырасце. Не плануюцца таксама школы і
дзіцячыя сады. Не выконваюцца і нарматывы па азеляненні, высокашчыльнай
шматпавярховай забудовы.
Людзі былі вельмі незадаволеныя планамі забудовы. Адсутнасць жа належнай
арганізацыі слуханняў з боку ўладаў ператварыла іх у балаган.