Наталле Бордак зноў прысудзілі раней адменены штраф за пікет у падтрымку Украіны
Нясвіжскі раённы суд зноў абавязаў Наталлю Бордак выплаціць штраф за плакат “НЕ—пуцiнскай вайне з Украiнай”.
Нагадаем, 24 чэрвеня Менскі абласны суд адмяніў пастанову Нясвіжскага раённага суду ў дачыненні да актывісткі аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Наталлі Бордак. Справа на новы чацверты разгляд была накіраваная назад у раённы суд. 15 жніўня суддзя Гвозд прызнала Наталлю Бордак вінаватай у арганізацыі пікета і зноў прызначыла выплаціць адменены абласным судом штраф у памеры 3.750.000. На працягу 10 дзен Наталля Бордак зноў збіраецца абскардзіць свой прысуд.