Віталь Рымашэўскі: Улады не далі ні адной падставы для зняцця санкцый

31 кастрычніка 2014 10:54  |  Галоўныя навіны

Намаганні еўрапейскіх лабістаў рэжыму не прынеслі жаданага
выніку. Такое меркаванне charter97.org выказаў палітык, сустаршыня партыі
«Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Віталь Рымашэўскі, каментуючы
рашэнне Еўразвяза аб падаўжэнні санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў,
якія сістэматычна парушалі правы чалавека ў Беларусі і ўдзельнічалі ў рэпрэсіях
супраць апазіцыйных палітыкаў і грамадзянскіх актывістаў. Тым не менш, санкцыі
з 24 фізічных і 7 юрыдычных асоб былі знятыя – імёны пакуль агучаныя не былі.

 

– Я лічу, што тыя санкцыі, якія засталіся – цалкам лагічныя.
Нягледзячы на агульнаеўрапейскі трэнд супрацоўніцтва з беларускім рэжымам,
улады не далі ні адной падставы, каб адносіны паміж Беларуссю і Еўразвязам у
самай справе памякчэлі. Насуперак сваім папярэднім заявам аб тым, што, па
меншай меры, да вызвалення палітвязняў весці супрацоўніцтва з беларускім
рэжымам Еўразвяз не будзе, еўрапейскія чыноўнікі зрабілі усё, што магчыма, каб
ад гэтага супрацоўніцтва аднавілася. Але тое, што ўсе санкцыі не былі знятыя –
я лічу, што гэта добры крок. Сёння, ва ўмовах, калі ў Беларусі з’явілася
некалькі новых палітвязняў – Юры Рубцоў і Павел Вінаградаў, і нават Максім
Вінярскі, якога пастаянна судзяць і не выпускаюць – скасаванне санкцый было б
як сігнальная ракета для рэжыму. Знак таго, што Еўрасзвяз дазваляе яму ўжыць
разнастайныя далейшыя рэпрэсіі супраць дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай
супольнасці. Таму тое, што хаця б часткова санкцыі пакінулі – крок правільны і
адзіны магчымы ў гэты момант з боку Еўразвяза.

 

– Як вы лічыце, хто можа апынуцца сярод выключаных з
санкцыйнага спісу?

 

– З размоў з палітыкамі і з дыпламатамі мне вядома, што
сярод выключаных са спісу людзей ёсць тыя, хто даўно ўжо не жыве ў Беларусі,
нехта пакінуў свае пасады або сышоў на пенсію. Такіх людзей прапанавалі
выключыць са спісу. Што тычыцца кампаній – у сутнасці, хутчэй за ўсё, гэта
будуць кампаніі набліжаных да Лукашэнкі алігархаў, якія раней трапілі ў гэты
спіс.

 

– Чаму Еўразвяз пайшоў на частковае скарачэнне спісу персон
і кампаній «нон-грата»?

 

– Частковае зняцце санкцый – гэта вымушаны крок Еўразвяза.
Памяншэнне гэтага спісу – гэта падарунак, які еўрапейскія лабісты маглі зрабіць
беларускім уладам. У гэтых адносінах лабісты зрабілі ўсё, што маглі, па
максімуму. Гэты «падарунак» быў зроблены з жадання супрацоўнічаць, сёння гэта
падаецца пад падліўкай захавання незалежнасці Беларусі на фоне падзей ва
Украіне і з жадання уцягнуць Беларусь у еўрапейскія працэсы і вызваліць ад
адназначнай залежнасці ад Расеі.

 

– Як вы ацэньваеце такую стратэгію еўрапейскіх чыноўнікаў?
Ці прынясе гэта плён?

 

– Я лічу, што гэта памылковая стратэгія, якая вынікаў не
дасць. Еўразвяз, у сутнасці, робіць амаральныя крокі, адмаўляючыся ад
каштоўнасных арыенціраў, аддаючы перавагу прагматызму, у той жа час, Еўразвяз
не прапануе Беларусі ў цэлым такі фармат узаемадзеяння, які сапраўды мог бы
«завязаць» беларускую эканоміку больш на Еўропу, чым на Расею. І рэальных
прапаноў, якія б цікавілі беларускі рэжым – а гэта, у асноўным, фінансавыя
прапановы – у Еўразвяза няма. Рабіць палітычныя саступкі пры гэтым проста
глупства.

 

Нагадаем, яшчэ на год былі падоўжаныя санкцыі ў дачыненні да
беларускіх улад, аднак часткова санкцыі былі знятыя – з 24 фізічных і 7
юрыдычных асоб. Такім чынам, пасля карэкцыі «чорнага спісу» пад візавыя і
эканамічныя абмежаванні ЕЗ падпадаюць 219 беларускіх чыноўнікаў, у тым ліку
Лукашэнка, і 25 кампаніі. Санкцыі ўведзеныя супраць «кашалькоў» дыктатара –
Юрыя Чыжа, Уладзіміра Пефціева і Анатоля Тарнаўскага і іх фірмаў. Абмежавальныя
меры супраць улад Беларусі дзейнічаюць з прычыны сістэматычнага парушэння імі
праў чалавека і рэпрэсій супраць апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.

Болей навін