БХД пастанавіла распрацаваць пакет тэрміновых рэформаў для выхаду Беларусі з крызісу

29 лістапада 2014 14:50  |  Галоўныя навіны

Нацыянальная Рада аргкамітэту
па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” на сваім паседжанні 29
лістапада прыняла рэзалюцыю “Урад для народа”:

 

Беларусь
як дзяржава перажывае глыбокі ўсеахопны крызіс: палітычны, эканамічны,
сацыяльны, культурны, духоўны. Падзеі ва Ўкраіне, выкліканыя агрэсіяй Крамля,
ставяць нашу краіну і наш народ перад рэальнай пагрозай захопу і разбурэння
дзяржаўнасці. У гэтых умовах Беларусі патрэбны ясны, падрыхтаваны і сістэмны
адказ на гістарычныя выклікі.

 

Усведамляючы
сваю адказнасць за лёс краіны, БХД пастанаўляе: распрацаваць пакет тэрміновых
рэформаў, накіраваных на выхад з крызісу і ратаванне незалежнасці. Мы бачым
неабходнасць згуртаваць вядучых беларускіх адмыслоўцаў у галінах права, знешняй
і ўнутранай палітыкі, гаспадаркі, сацыяльнай абароны, культуры і адукацыі, каб
у кароткія тэрміны стварыць праграму “Урад для народа” – і разам з усімі
зацікаўленымі сіламі ў грамадзтве даць ясную і моцную альтэрнатыву сённяшняму
рэжыму.

 

БХД
ужо мае грунтоўныя заканадаўчыя напрацоўкі ў галіне сацыяльнай палітыкі (змены
ў сямейнае заканадаўства, закон аб веравызнанні, абароны жыцця, інфармацыя,
адукацыя), а таксама праект пашыранай партыйнай праграмы. Адначасова, мы мусім
разам з вядучымі адмыслоўцамі распрацаваць праекты эканамічных рэформаў і
энэргетычнай незалежнасці, вайсковай рэформы і мясцовага самакіравання, рэформы
сістэмы правасуддзя, беларусізацыі і ўкаранення хрысціянскіх маральных
каштоўнасцяў у працэс дзяржаўнага будаўніцтва. Асаблівым акцэнтам гэтых праектаў павінна
стаць ўмацаванне і абарона дзяржаўнай незалежнасці.

 

Распрацоўка
праграмы “Урад для народа” мае на мэце яднанне адмыслоўцаў у выніку
абмеркаванняў, канферэнцый ды круглых сталоў як на нацыянальным, так і на
рэгіянальным ды мясцовых узроўнях, а таксама стварэнне планаў альтэрнатыўнага
развіцця для гарадоў і рэгіёнаў Беларусі.

 

Адным
з найважнейшых вынікаў праграмы “Урад для народа” мы бачым ініцыяванне
“Беларускага пагаднення аб асацыяцыі з ЕС” – дакуманту, які мог бы стаць
платформай для беларуска-еўрапейскай інтэграцыі.

Болей навін