У Варшаве адбылася прэзентацыя кнігі Севярынца “Беларуская глыбіня”

08 снежня 2014 14:04  |  Грамадства

У Беларускі дом у Варшаве 3 снежня завітаў беларускі палітык
і публіцыст Павел Севярынец. Ён распавёў, чаму ў турме бліжэй да Госпада чым на
свабодзе, хто можа выратаваць Беларусь і як у беларусах убачыць Бога.

 

Думка пра напісанне кнігі нарадзілася ў зале суда па справах
Плошчы. Тады Павел доўга маліўся, пасля чаго вырашыў, што наследуе прыклад
Госпада і будзе маўчаць на абвінавачванні. Севярынца прызналі віноўным і
адправілі адбываць пакаранне ў спецкамендатуру ў вёсцы Куплін (Брэсцкая
вобласць).

 

Аўтар вызнае, што Госпад дабраславіў яго побыт на хіміі ў
маленькай вёсачцы. Ён атрымаў дазвол, каб раз на тыдзень ездзіць на службу ў
Пружанскую царкву. Святар там быў беларускамоўны, да таго ж яго хор спяваў гімн
“Магутны Божа”.

 

Асуджаных у Купліна было 100 чалавек. Кожнага з іх Севярынец
адкрываў як незвычайнага чалавека, таму кожны з іх — ужо кніга. Некаторых аўтар
апісаў у сваёй кнізе.

 

“Увогуле, “Беларуская глыбіня” – гэта спроба ўбачыць у
Беларусі і беларусах Бога”, — адзначыў аўтар. Кніга гэта распавядае пра
сапраўднае жыццё нацыі, душу беларуса-інтраверта і штодзённасць далёкай
глыбінкі.

 

Адказваючы на пытанне пра будучыню Беларусі, Павел Севярынец
сказаў: “Я ведаю, хто выратуе Беларусь. Гэта Хрыстос!”. Не амінуў ён таксама
тэмы алкагалізму, успамінаючы даследванні, паводле якіх Беларусь ужо абагнала
нават Расею, і абортаў, якіх здзяйсняецца ў год каля 30 тыс.

 

Пасля прэзентацыі “Беларускай глыбіні” усе жадаючыя змаглі
набыць кнігу, якую ўласнаручна падпісваў аўтар.

 

Яна Ткачук, фота – Гося Шкулепа

Болей навін