На хрышчэнскую куццю сябры БХД наведалі пакутніцу ГУЛАГу Надзею Дземідовіч
18 cнежня на Хрышчэнскую куццю беларускія грамадскія актывісты, у тым ліку прадстаўнікі Мінскай абласной арганізацыі БХД, наведалі пакутніцу ГУЛАГу Надзею Дземідовіч, якая жыве ў Калодзішчах. Надзея Раманаўна, шчырая праваслаўная верніца, ужо не можа па стане здароўя хадзіць у царкву, таму сябры БХД прынеслі ёй хрышчэнскай вады і зварылі для яе куццю.
У адказ спадарыня Надзея падпісала наведнікам свае кніжкі ўспамінаў і вершаў, падзялілася ўспамінамі пра свой пакутны жыцьцёвы шлях і развагамі пра лёс нашай Бацькаўшчыны.
Сябры БХД у межах праекту “Пакаяньне” стала наведваюць і апякуюцца Надзеяй Дземідовіч ды іншымі былымі вязьнямі ГУЛАГу, на ўласныя ахвярванні падпісваюць ім незалежныя газеты, а таксама дасылаюць выданне БХД “Крыніца”. А ў мінулыя адведкі на 7 лістапада Надзею Раманаўну наведаў сустаршыня БХД і таксама былы палітвязень Павал Севярынец, які падараваў і падпісаў ёй сваю апошню кніжку “Беларуская глыбіня”.
Адна з найстарэйшых удзельніцаў беларускага адраджэнскага руху, пакутніца сталінскіх лагероў, удзельніца Кенгірскага паўстання 1954 г., паэтка і патрыётка Надзея Раманаўна Дземідовіч была асуджаная да 25 гадоў зняволення за ўдзел у Саюзе беларускай моладзі, а насамрэч за любоў да Беларусі. Але, дзякуй Богу, ёй удалося выжыць у тых нечалавечых лагерных умовах.
Надзея Раманаўна – жанчына вялікага сэрца і шчырай душы, якую не зламалі ні катаваньні, ні пакуты ГУЛАГу, ні пазьнейшая адзінота (ГУЛАГ пакінуў яе без уласнай сям’і). Яна ўсім сэрцам перажывае за цяпершнія падзеі ў Беларусі, але асабліва за “людзей адной душы”, за шчырых беларусаў, якія зараз вымушана паўтараючы яе лёс, знаходзяцца ў зьняволеньні за любоў да сваёй краіны. Сэнсам яе жыцьця стала сьведчаньне пра тое, што яна перажыла, каб гэта больш не паўтаралася. Яна выдала 2 кнігі ўспамінаў і адну кнігу вершаў. А найбольшае шчасьце для Надзеі Дземідовіч – сустрэчы з беларускай моладзьдзю.