У дачыненні да Шчадрова пагражаюць завесці чарговую крымінальную справу
Да заснавальніка прытулку для бяздомных у вёсцы
Аляксандраўка Шчучынскага раёна Аляксея Шчадрова завіталі ўчастковы і
прадстаўнікі сельсавету. Яны перапісалі насельнікаў прытулку, праверылі колькі
ёсць ежы, ці не галадаюць людзі, якія да з’яўлення ў прытулку нікога не цікавілі.
Пры гэтым участковы заявіў, што ў дачыненні Шчадрова можа
быць узбуджаная новая крымінальная справа: маўляў, быў бы чалавек, а справа
знойдзецца. На пытанне Аляксея, хто будзе клапаціцца бяздомнымі, ён адказаў,
што дзяржава.
“Ведаю я, як будзе клапаціцца дзяржава. Паспіхваюць адзін на
аднаго, а ў выніку чалавек так і застанецца без дапамогі”, – адзначыў
заснавальнік прытулку.
Участковы таксама паведаміў, што з набліжэннем прэзідэнцкай
кампаніі будзе прыязджаць да Аляксея Шчадрова часцей.