85-гадовая адстаяла аптэку ў вёсцы
У вёсцы Янушкавічы Лагойскага
раёна была неблагая драўляная аптэка, але ў яе пацёк дах. Замест таго, каб
адрамантаваць будынак, сельскі савет яго прадаў. Як сталоўку, дзіцячы сад, КБА і іншыя сацыяльныя аб’екты.
У падвальным памяшканні аптэка
таксама не затрымалася, і яе попрасту зліквідавалі. І тады мясцовая жыхарка
Васюкевіч Вера Міхайлаўна сабрала 35 подпісаў ад вясковых людзей і паслала
скаргу ў Савет Міністраў. “Мы ўжо ўсе старыя, мы без таблеткі жыць не можам. Як нас можна пакідаць без лекаў?!”—абураецца
яна.
Вынік у калектыўнага ліста быў.
Прыехала цэлая дэлегацыя з шасці чалавек, сярод іх прадстаўніца з Мінска і
галоўны ўрач Лагойскай райбальніцы. Доўгажыхарку выслухалі і прынялі рашэнне
выдзеліць пад аптэку пакой у мясцовай паліклініцы.
-Хай бы нам яшчэ медыкаў памянялі, а то гэтыя не хочуць
ездзіць на візіты, – гаворыць бабуля.
Чым не прыклад для маладзейшых,
якія апасаюцца звяртацца нават да
раённых бонзаў!