Былы сустаршыня БХД Аляксей Шэін напісаў фэнтэзі для падлеткаў

14 сакавіка 2015 13:45  |  Грамадства

Колішні
сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Аляксей Шэін некалькі гадоў таму
пакінуў палітычную дзейнасць на карысць літаратуры. Першы ягоны раман – фэнтэзі
для падлеткаў – называецца «Сем камянёў» і выйдзе ў серыі «Каляровы ровар»
Саюза беларускіх пісьменнікаў літаральна днямі. Герой рамана хлопчык Ясь
трапляе ў дзіўную краіну Эферыю, дзе сутыкаецца з рознымі прыгодамі і робіцца
ўдзельнікам барацьбы за свабоду. Карэспандэнт «Будзьмы» пагаварыла з аўтарам,
які ажыццявіў мару.

– Вы
стварылі моўныя курсы «Моваведа», займаліся грамадска-палітычнай дзейнасцю.
Калі вы сталі яшчэ і пісьменнікам?

 


Грамадскай і палітычнай дзейнасцю я пачаў займацца таму, што ў краіне не ўсё
добра. Калі б была нармальная Беларусь або з ніжэйшым узроўнем праблемаў, то
вялікая колькасць людзей, якія цяпер у апазіцыі, магчыма, займалася б чымсьці
іншым – мастацтвам, бізнесам, навукай.

 

Пісьменнікам
я марыў стаць з дзяцінства, калі ўжо зусім шчыра. Недзе гадоў у сем у мяне была
суперпапулярная тады кніга – «Приключения Арбузика и Бебешки». Я чытаў з
шалёнай зацікаўленасцю. Мне было шкада, калі кніга скончылася, і я напісаў
працяг.

– І
якім ён быў?

 

– Цяпер
ужо слаба памятаю. У Скобелева дрэнныя героі называліся зялёнахвостыя, а я
прыдумаў сінятварых. Зразумела, дабро павіннае было перамагчы зло.

 

У
школьна-студэнцкія часы тое-сёе друкавалася ў часопісе «Першацвет», а пасля
заняўся грамадскай дзейнасцю, і жаданне пісаць як адрэзала. Але потым
нарадзіліся дзеці. У нас з жонкай тры хлопцы: аднаму пяць, другому чатыры,
трэцяму два. Ім хочацца паслухаць нейкіх гісторый. Вось тады я выразна пабачыў,
што ў беларускай літаратуры існуе недахоп дзіцячых кніг, і адкапаў сваю старую
ідэю прыгодніцкага рамана. «Сем камянёў» я пісаў тры з паловай гады. Пачынаў як
кнігу для маленькіх, але ў працэсе зразумеў, што гэта не зусім мая тэма, і
ўрэшце атрымалася для падлеткаў 12-15 гадоў.

– Для вашых
дзяцей гэта кніга навыраст.

 


Навыраст, але нам з жонкай ужо давялося прачытаць дзецям, бо яны ж пытаюцца:
«Тата, што ты пішаш? А пачытай нам». Хоць не ўсё ім, магчыма, было зразумела.

 

Я б
наважыўся сказаць, што ў гэтым жанры – класічнага ці прыгодніцкага фэнтэзі –
гэта першая кніга па-беларуску.

– А як
жа кнігі Ксеніі Шталянковай, Людмілы Рублеўскай, Антона Францішка Брыля?

 

– Так,
пра ўсіх гэтых аўтараў я ведаю, але гэта, мне здаецца, больш гістарычнае
фэнтэзі. У мяне не вядзецца пра гісторыю Беларусі, гэта проста спроба напісаць
прыгодніцкую казку. Гэта хутчэй адсылка да класікі 40-50-х гадоў мінулага
стагоддзя, калі фэнтэзі “станавілася на ногі”.

— Вы
самі чытаеце шмат фэнтэзі?

 

– Як ні
дзіўна, фэнтэзі я амаль не чытаю. Проста мне захацелася напісаць казку, і я
зразумеў, што гэта быў бы найлепшы для яе жанр. У дзяцінстве чытаў Роберта
Говарда, кнігі пра Конана. Чытаў класічнае фэнтэзі – Льюіса, Толкіна, крыху
іншых аўтараў, але не магу сказаць, што фанат гэтага жанру.

– Вы
адзін з заснавальнікаў Маладога Фронту. У кнізе дзеці вядуць актыўную барацьбу.
Хлопчык б’ецца на мячах, спрытна раскідваючы вакол сябе вартаўнікоў турмы,
дзяўчынку арыштоўваюць за расклейванне ўлётак. Ці можна сказаць, што гэта
метафарычнае адлюстраванне дзейнасці Маладога Фронту?

 

– Гэта
не ксеракопія Беларусі з размалёўкай уручную каляровымі алоўкамі. Гэтая кніга –
больш метафара барацьбы дабра са злом, справядлівасці і несправядлівасці. Яна
пра веру, свабоду і каханне. Але зразумела, што мой бэкграўнд уплывае, як і
досвед любога пісьменніка адлюстроўваецца на тым, што і як ён піша. Хлопчык
умее фехтаваць, і я калісьці ў дзяцінстве займаўся фехтаваннем.

– З
завязанымі вачыма, як ваш герой?

 

– Вось
гэта ўжо прыдумка.Расклейванне
ўлётак – так, я і сам гэта праходзіў. Але я не хацеў пісаць палітычны памфлет,
бо праз пяць гадоў яго ўжо будзе нецікава чытаць.

– З
іншага боку, сюжэт змагання за свабоду вечны, ён будзе падобны ва ўсе часы.

 


Інструментарый барацьбы падобны. Толькі цяпер сродкі інфармавання іншыя. Ёсць
такі фільм «Цудоўная ласка» пра ангельскага палітыка Уільяма Уілберфорса, які
змагаўся за адмену рабства ў Вялікабрытаніі. Гэты фільм выйшаў некалькі гадоў
таму ў перакладзе на беларускую з ініцыятывы Андрэя Кіма. Там вядзецца пра
XVIII стагоддзе і кампанію па прасоўванні закона па адмене рабства. Героі
збіраюцца і абмяркоўваюць дзеянні: трэба аб’ехаць гарады, надрукаваць улёткі,
сабраць тысячы подпісаў.Я гляджу і разумею, што за трыста гадоў нічога не
змянілася.

– Вашыя
героі рыхтуюць паўстанне, але ў апісанні бітваў вы неяк тактоўна пазбягаеце
таго, што ў іх мусіць нехта гінуць. Можа, гэта няшчыра, і падлеткі такога не
зразумеюць?

 

– Я
разважаў, як трэба пісаць пра смерць, і вырашыў не акцэнтаваць, не распісваць,
што кроў б’е фантанам, хаця зразумела, што калі страляюць з арбалетаў, то
пераразаюцца артэрыі, і яна сапраўды б’е. Але гэта нічога не дадасць да таго,
што я хацеў сказаць.

 

У кнізе
ёсць драматычныя моманты, калі гіне шмат людзей, аднак усё гэта не смакуецца.
Гэта не “Галодныя гульні”, тут маладзейшая аўдыторыя.

– Вы
былі сустаршынёй Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Пра вашую кнігу пішуць,
што ў ёй моцны хрысціянскі падтэкст. У чым ён праяўляецца – гэта цытаты з
Бібліі, адсылка да біблейскіх сюжэтаў?

 


Хрысціянская аснова найперш выяўляецца ў агульных каштоўнасцях. Здаецца, што
тут даказваць? Але паверце, калі я размаўляю з людзьмі розных узростаў, то
даволі часта сустракаю сцверджанне, з якім абсалютна не згодны: няма дабра і
зла, усё адносна, у кожнага сваё дабро і сваё зло.

 

Але я
веру ў іншае, і мая кніга пра тое, што чалавеку трэба ўмець вызначыць, дзе
дабро, і намагацца яго трымацца, нават калі ад гэтага табе бывае не заўжды
добра. Для многіх маіх знаёмых гэта стала асабліва відавочна пасля ўкраінскіх
падзеяў.

 

А для
тых людзей, якія ведаюць і чытаюць Біблію, будзе цікава знайсці ў кнізе
своеасаблівыя «велікодныя яйкі» – пэўныя вобразы, часам амаль дакладныя, а
часам перафразаваныя цытаты, сімвалы. Я не буду раскрываць, можа, камусьці
будзе цікава гэтыя адсылкі знайсці самому.

– Вы не
думаеце, што калі звычайны падлетак пачуе пра хрысціянскія матывы ў кнізе, яго
гэта адштурхне, бо ён падумае, што яго зараз будуць павучаць ці настаўляць, а
яму хочацца толькі прыгодаў і бітваў?

 


Першая мэта маёй кнігі – проста расказаць цікавую гісторыю. Але ў мяне ёсць
шмат знаёмых, якія з’яўляюцца вернікамі розных канфесіяў. І я хацеў бы зрабіць
беларускамоўны прадукт, цікавы ў тым ліку і для моладзі хрысціянскай. Магчыма,
для кагосьці з іх гэта будзе першы раман, прачытаны па-беларуску. Хаця гэтая
кніга пісалася не для хрысціян, яна для ўсіх.

– Як
кніга прыйшла да выдання?

 

– Калі
казаць пра фінансавы бок, то гэта грошы беларускага бізнесоўца, які ўкладае іх
у спадзеве, што кніга не толькі будзе карыснай, але і зможа быць прададзенай.

– Ого,
так бывае?

 


Бывае. Ёсць міф, што беларускае не прадаецца. Я б хацеў паспрабаваць з гэтым
пазмагацца. Мне хацелася б, каб чалавек, які кнігу набудзе, адчуваў, што нехта
стараўся зрабіць для яго падарунак. Тамуілюстраванне і вонкавы выгляд
мусяць быць амаль дасканалымі. З пошукам мастака, Рамана Сустава, быў такі
свайго роду знак.

 

Я
зайшоў аднойчы ў Цэнтральную кнігарню і пабачыў кнігу, якая ўразіла
афармленнем. Друк вокладкі быў няякасны, але ідэя і сама графіка ўразілі. Я
нават прозвішча мастака запісаў сабе. А потым аказалася, што мой сябар добра
ведае гэтага чалавека.

 

– Час
ад часу робяцца спробы пісаць масавае захапляльнае чытво па-беларуску.
Уладзіслаў Ахроменка, напрыклад, пазіцыянаваў сваю «Тэорыю змовы» як лёгкі
жанр, кнігу для электрычак. Але беларускамоўная белетрыстыка так і не выходзіць
далёка за межы культурніцкага асяродку і ні ў якія электрычкі не трапляе. У вас
ёсць нейкая рашучая стратэгія, каб вашая кніга да падлеткаў усё-такі дайшла?

 


Пакуль будзем распаўсюджваць класічным шляхам на розных культурніцкіх і
хрысціянскіх пляцоўках. Спадзяюся, народзяцца і іншыя ідэі. Думаю, калі чалавек
кажа, што хоча зрабіць чытво для электрычак, то ён павінен ці сам ісці ў
электрычкі і прадаваць, ці рабіць вельмі выгадную прапанову прадаўцам. То бок у
нашай беларускай сітуацыі важна непасрэдна кантактаваць з тым, для каго ты
пішаш.


Першая кніга ўжо ў друку. Можа, вы ўжо далей нешта пішаце?

 

– Пішу.
Якраз хачу напісаць якасную белетрыстыку па-беларуску. Гэта будзе прыгодніцкі
дэтэктыў. Калі знаходзіць беларускія аналагі, то найбольш блізкі (менавіта па
жанры, не кажу пра мастацкія якасці) «Чорны замак Альшанскі», дзе падзеі
адбываюцца ў сённяшняй рэчаіснасці, але звязаныя з мінулым, з гісторыяй і дзе
трэба разгадваць загадкі. У мяне яны тычацца Бібліяў Скарыны.

– Вось
у вас была мара, а потым вы адкінулі ўсе справы, селі і тры гады працавалі.
Сумневы ж заўжды ёсць. Цяжка было насмеліцца, не кінуць?

 

– Я б
сказаў, “жэстачайшэ” цяжка. Але я ўрэшце зрабіў выбар. Мне здаецца, большасць
людзей у нашай краіне пражывае жыццё міма сваёй мары. Часам даросламу чалавеку,
якому 20-30 гадоў, проста трэба адказаць сабе на пытанне: кім ты хочаш стаць,
калі вырасцеш? І калі ён дасць сабе шчыры адказ, адкінуўшы акалічнасці і
абавязкі, і не пабаіцца пачаць гэта здзяйсняць, то ў нас будзе іншая краіна.

 

Калі я
задумаўся пра кнігу, то падчас малітваў глыбока ў сабе ставіў перад сабой і
перад Богам пытанне: як зрабіць? І зразумеў, што трэба зыходзіць з палітычнай
дзейнасці, што я і зрабіў.

– Дзеля
кнігі?

 

– Так,
у тым ліку і таму, што мне трэба было займацца кнігай. Палітычная дзейнасць у
беларускай сітуацыі складаная, але вельмі прывабная. Сёння ты на Акрэсціна
сядзіш, а праз тыдзень сустракаешся з прэзідэнтам нейкай краіны. Як чалавеку,
які мае патрэбу ў адрэналіне, мне цяжка было ад гэтага адмовіцца. Але я
зразумеў, што, даруйце за пафас, у Беларусі, каб памяняць сітуацыю, трэба
займацца рэчамі больш глыбіннымі, заліваннем падмуркаў, якіх, магчыма, і не
відаць нейкі час.

 

У мяне
раней была ілюзія, што кнігу трэба пісаць па натхненні. Сама ідэя рамана
з’явілася яшчэ ў 2003 годзе, а канкрэтна пісаць яго я ўзяўся ў 2011-м. Усе
гэтыя восем гадоў я чакаў натхнення. Калі яно прыходзіла, я мог напісаць
некалькі абзацаў. За гэтыя гады я напісаў недзе шэсць старонак. І зразумеў, што
жыццё праходзіць. Тады вырашыў, што буду сядаць і пісаць пэўную колькасць
словаў.


Колькі вы пісалі?

 


Вырашыў пісаць недзе 700 словаў на дзень. Можа,такі метад утылітарны і
нерамантычны, але ён дае вынік. А тыя шэсць старонак, напісаныя за восем гадоў,
былі самыя слабыя з усёй кнігі. Так што большасці людзей, якія хочуць напісаць
раман, трэба ставіць перад сабой вельмі практычныя планы.

– Вы
баіцеся негатыўнай рэакцыі на ваш дэбют, яна магла б вас спыніць?

 

— Не,
абсалютна. Хоць вядома ж, як любы аўтар, я хацеў бы, каб кніга зацікавіла і
штосьці дала чытачу.

Гутарыла Аляксандра Дорская, budzma.by

Болей навін