Дажынкі ў Горацкім раёне: вяскоўцы сабралі подпісы супраць адбору агародаў
У аграгарадку Аўсянка Горацкага раёна ідзе падрыхтоўка да
раённых Дажынак. У сувязі з гэтым мясцовыя ўлады падчас добраўпарадкавання
трасы Горкі-Магілёў вырашылі забраць у вяскоўцы агароды, якія яны апрацоўвалі і
за якія плацілі падаткі больш за 20 гадоў.
Жыхароў Аўсянкі пачалі выклікаць у сельсавет з патрабаваннем
на працягу пяці дзён вызваліць агароды, бо на іх месцы плануецца зрабіць газоны
і ўсталяваць ліхтары. Агулам плануецца забраць 15 агародаў. Замест іх
аўсянкаўцам прапануюць надзелы далёка ў полі.
Аднак ніводзін з тых, каго выклікалі не пагадзіўся з
патрабаваннямі ўладаў. Тым больш, што ніякага пісьмовага распараджэння яны не
прадставілі. Замест гэтага яны звярнуліся да актывісткі аргкамітэту па
стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Жанны Шчарбінінай, якая ў
2010-2014 гадах была дэпутаткай Аўсянкаўскага сельсавету. З яе дапамогай быў
складзены зварот са скаргай на дзеянні мясцовых уладаў у Магілёўскі аблвыканкам
і пракуратуру. Зараз вяскоўцы чакаюць адказу.