Беларускім чыноўнікам адправілі канцэпцыю рэфармавання ЖКГ
У Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства
жыллёва-камунальнай гаспадаркі і Мінгарвыканкам 2 красавіка накіравана
канцэпцыя рэфармавання сістэмы ЖКГ у Беларусі.
Канцэпцыю падрыхтавала Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя
пры дапамозе экспертаў Інстытута развіцця дэмакратыі і сацыяльнага рынку для
Беларусі і Усходняй Еўропы. Разам з канцэпцыяй рэформаў адпраўленыя каля 100
подпісаў у яе падтрымку.
Для ўдасканалення структуры кіравання ЖКГ дакумент заклікае
правесці скарачэнне шматлікага апарата чыноўнікаў з ліквідацыяй разнастайных
аддзелаў ЖКГ пры абл-, гар-, райвыканкамах.
Жыллёва-камунальныя гаспадаркі прапануецца пазбавіць ад
няпрофільных актываў, для стварэння канкурэнтнага асяроддзя ў
жыллёва-камунальным сектары эканомікі – удасканаліць прававую аснову для
недзяржаўных формаў кіравання жыллёвым фондам і раздзяржаўлення камунальных
прадпрыемстваў, стварыць прававую і эканамічную аснову фарміравання рынку ЖКП,
пры якой кожны ўласнік жылых памяшканняў зможа ўдзельнічаць у выбары абслуговай
арганізацыі, колькасці і якасці спажываных паслуг.
Акрамя таго, прапануецца ўвесці дзяржаўна-прыватнае
партнёрства ў сферы ЖКГ, сфармаваць адказнага ўласніка і дагаворныя адносіны, у
жыллёва-камунальным сектары – павялічыць ўдзел грамадскасці для выпрацоўкі празрыстых
механізмаў зніжэння кошту і павышэнне якасці жыллёва-камунальных паслуг.
Таксама аўтары канцэпцыі лічаць неабходным стварыць
агульнанацыянальны саюз прыватных домаўладанняў, удасканаліць сістэму
падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў для сферы ЖКГ, у тым ліку кіравання
жыллёвым фондам, прыняць комплексу мер па памяншэнні спажывання энергіі жылым
фондам.
Для забеспячэння ўстойлівасці і паслядоўнасці рэфармавання
рынку ЖКГ прапануецца прыняць меры па замарожванні тарыфаў на
жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва.
«Просім пры распрацоўцы наступнай Праграмы развіцця
жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі ўлічыць прапановы, прыкладзеныя да
дадзенага звароту, якія былі распрацаваны юрыстамі і экспертамі ў гэтай сферы»,
– гаворыцца ў зваротах у дзяржорганы.