БХД узяла ўдзел у Чарнобыльскім шляху (фота)
У Мінску 26 красавіка ў 29-гадавіну аварыі на Чарнобыльскай
АЭС прайшла традыцыйная акцыя дэмакратычных сіл «Чарнобыльскі шлях». Яе
ўдзельнікі прайшлі ад кінатэатра «Кастрычнік» па вуліцы Сурганава да царквы ў
гонар іконы Божай Маці «Спагнанне загінулых», размешчанай побач з паркам Дружбы
народаў.
Праваабаронцы налічылі каля 500 удзельнікаў акцыі, з якіх
каля 450 дайшлі да канчатковай кропкі шэсця. Таксама яны зафіксавалі каля 35
міліцыянтаў у цывільным, па дзесяць супрацоўнікаў ДАІ і АМАП.
Удзельнікі шэсця неслі плакаты з надпісамі «Свабоду Кірылу
Сілівончыку», «Астравец — Другі Чарнобыль», «Спыніць Палітычны Чарнобыль —
вызваліць Міколу Статкевіча», «Не — расейскай ядзернай пагрозе», «Чарнобыль —
наш боль», «Дзе Расейская імперыя — там Чарнобыль і Данбас» і іншыя,
бел-чырвона-белыя сцягі і сцягі розных апазіцыйных арганізацый.
З палітыкаў у акцыі ўдзельнічалі сустаршыні аргкамітэта па
стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павал Севярынец і Віталь
Рымашэўскі, намеснікі старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч і Алесь
Лагвінец, лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, намеснік старшыні Беларускай
партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук, намеснік старшыні «Маладога фронту» Эдуард
Лобаў, Ілля Дабратвор, Уладзімір Някляеў і іншыя.
Каля царквы ў гонар іконы Божай Маці «Спагнанне загінулых»
удзельнікі акцыі ўшанавалі памяць ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы хвілінай
маўчання, запалілі свечкі і прынялі рэзалюцыю з патрабаваннем спыніць
будаўніцтва астравецкай АЭС; раскрыць інфармацыю аб наступствах Чарнобыля ў
Беларусі; вывесці з тэрыторыі Беларусі расійскія ўдарныя самалёты, здольныя
несці на борце ядзерную зброю; даць магчымасць грамадзянам вырашаць, якімі
будуць іх навакольнае асяроддзе, горад і краіна.
Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманні Віктара Шапуцькі,
які неўзабаве быў вызвалены, і Віталя Каліноўскага.
Фота Надзеі Гацак