Актывіст БХД ня здолеў абараніць вясковы клюб у аршанскім судзе (відэа)
24 красавіка ў судзе Аршанскага раёну і гораду Воршы
разглядалася грамадзянская справа па скарзе старасты вёскі Стаўры, сябра
аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Ігара Грышанава на дзеяньні ААТ
«Птушкафабрыка Аршанская». Першае, папярэдняе, паседжаньне стала і апошнім:
судзьдзя Натальля Архіпава ў «сувязі з пропускам тэрміну звароту ў суд,
вызначанага ў грамадзянска-працэсуальным кодэксе Рэспублікі Беларусь», адмовіла
ў задавальненьні выказаных скаржнікам прэтэнзіяў.
Зьвярнуцца ў суд Ігара Грышанава змусілі абсурдныя, на яго
думку, дзеяньні кіраўніцтва птушкафабрыкі. Пасьля праведзенага ў 2013 годзе
капітальнага рамонту вясковага клюбу, нечакана для жыхароў вёскі Стаўры, было
прынятае рашэньне пра знос будынку.
Кіраўніцтва птушкафабрыкі, якая зьяўлялася ўладальнікам
клюбу, не ўзяло пад увагу, што ў ягоных сьценах працаваў мясцовы фальклёрны
калектыў «Гаспадынька», ладзіліся вясковыя сходы, сустрэчы з дэпутатамі і
артыстамі, разьмяшчаліся перасоўныя лякарня-амбуляторыя і «Дом сацыяльных
паслугаў».
Мясцовыя жыхары нават гатовыя былі ўзяць клюб на сваё поўнае
ўтрыманьне, бо меркавалі, што гэты культурніцкі асяродак спрыяў захаваньню
мясцовых традыцыяў, нацыянальнай культуры і звычаяў. Але ўсе спробы знайсьці
паразуменьне з кіраўніцтвам птушкафабрыкі былі марнымі: літаральна праз год
пасьля капітальнага рамонту будынак клюбу быў зраўнаваны зь зямлёю. Вяскоўцы
абурыліся гэткім грэблівым стаўленьнем да сваіх правоў і пачалі скардзіцца.
Зьвярнуліся ў Аршанскі раённы і Віцебскі абласны выканкамы, пасьля – у адміністрацыю
прэзыдэнта. Нарэшце вырашылі шукаць праўду ў судзе.
Фэрмэр Ігар Грышанаў – не выпадковы чалавек у вёсцы. Ён
нарадзіўся, вырас і ўжо паўстагодзьдзя жыве на гэтай зямлі. І таму да ўсяго,
што адбываецца на ягонай радзіме, ставіцца як сапраўдны гаспадар: дзякуючы
ягоным намаганьням у вёску правялі газ; засыпалі адну з вуліц, што вядзе да
могілак, жвірам; заклалі невялікі парк. Дамогся ён ад мясцовых уладаў і таго,
каб могілкі абгарадзілі бэтонным плотам; зь ягонай ініцыятывы будуецца ў вёсцы
і помнік землякам, што загінулі ў часы вайны.
Спадар Ігар кажа:«Клюб у нейкай ступені быў для
вяскоўцаў царквой. Бабулі сьпявалі там старыя песьні, перадавалі сакрэты
кулінарнага майстэрства, дзяліліся з маладзейшымі сваім досьведам. Але ж
аршанская птушкафабрыка, спаслаўшыся на тое, што будынак клюбу нібыта быў
збудаваны ў 1935 годзе і ўяўляе сабой небясьпеку для тых, хто там зьбіраецца,
зьнесла яго. Цяпер людзі ня ведаюць чым заняцца ў зімовы пэрыяд, і той пласт
вясковай культуры, які быў назапашаны нашымі продкамі, папросту згіне. Гэта
злачынства. І гэтае злачынства чыняць не абы хто, а кіраўнікі буйнога
прадпрыемства».
Ігар Грышанаў упэўнены, што нягледзячы на цяперашняе
рашэньне суду, які ня стаў разглядаць справу па сутнасьці,«асноўная бітва
за наш вясковы Дом культуры яшчэ наперадзе».
Сытуацыю пракамэнтавала каардынатарка аргкамітэту па
стварэньні партыі БХД па Віцебскай вобласьці Тацьцяна Севярынец, якая прыехала
ў Воршу падтрымаць партыйнага актывіста ў судзе:« Сёньня суд, на жаль,
адмовіўся разглядаць справу пра зьнішчэньне вясковага клюбу. Ігар Грышанаў, які
зьяўляецца старастай вёскі Стаўры, вельмі перажывае і пакутуе за сваіх
землякоў. Ён тут жыве, у яго вялікая сядзіба, і таму ягоныя памкненьні
зразумелыя. Так атрымалася, што тэрмін абскарджаньня быў прапушчаны, але ж гэта
не канец справы. Ведаючы Ігара, ягоныя эмацыйныя перажываньні і адказнасьць за
сваю вёску, за людзей, я веру, што ён працягне змаганьне за ўзнаўленьне Дому
культуры. На вёсцы жывуць людзі. І няхай сабе іх ўжо ня столькі, колькі было ў
другой палове мінулага стагодзьдзя (з васьмісот насельнікаў колькасьць
зьменшылася да шасьцідзесяці зь нечым), але ж і гэтым людзям патрэбная ўвага
ўладаў і чалавечыя ўмовы пражываньня. Ганебныя дзеяньні і абыякавае стаўленьне
кіраўніцтва птушкафабрыкі, а таксама Аршанскага райвыканкаму падаюцца
незразумелымі».