Улады сельсавету распачалі траўлю незалежнага старэйшыны вёскі Стаўры
Сябар БХД Ігар Грышанаў, старэйшына вёскі Стаўры Аршанскага
раёна, збіраецца звярнуцца з заявай у міліцыю і пракуратуру, каб абаранілі яго
права на асабістае жыццё. Да гэтага часу яму даводзілася змагацца толькі за
правы аднасяльчан і адстойваць іх інтарэсы.
Ігар Грышанаў з 2004 года выконваў абавязкі старэйшыны
вёскі. У мінулым годзе ААТ “Аршанская птушкафабрыка” зруйнавала вясковы клуб,
не ўлічваючы пажаданні вяскоўцаў. Грышанаў ад імя стаўроўцаў звяртаўся за
дапамогай у розныя інстанцыі, апошняя заява была скіраваная ў суд Аршанскага
раёна. Заява па сутнасці не была разгледжана, паведамляе карэспандэнт КРЫНІЦА.INFO.
Праз тыдзень пасля паседжання суда, 30 красавіка, старшыня
Бабініцкага сельсавета Марына Матвеева сабрала сход вяскоўцаў, каб выбраць
іншага старэйшыну вёскі. Маўляў, Ігар Грышанаў не начуе ў вёсцы. Але жыхары не
пагадзіліся з яе прапановамі і настойвалі на тым, каб застаўся Ігар Грышанаў.
За яго пераабранне адзінагалосна прагаласавалі ўсе ўдзельнікі сходу. Не
завяршыўшы сходу, Марына Матвеева села ў машыну і паехала з вёскі.
Вяскоўцы былі абураныя такімі паводзінамі мясцовага
кіраўніцтва. Але замест таго, каб улічыць інтарэсы жыхароў і працягваць
працаваць на паляпшэнне дабрабыту вяскоўцаў, старшыня Бабініцкага сельсавета
распачала ў адкрытую траўлю на Ігара Грышанава.
5 траўня зранку Грышанаў патэлефанаваў у Бабініцкі сельсавет
да старшыні з просьбай, каб да Дня Перамогі адрамантавалі агароджу ля могілак,
якую зламалі трактарам. На што атрымаў адказ:
-Вы не з’яўляецеся старэйшынам. Я сама буду вырашаць, што і
калі рабіць.
А праз гадзіну Матвеева прыехала на машыне і на шчыце для
аб’яў і ў іншых месцах вёскі расклеіла аб’явы наступнага зместу:
«Па выніках праведзенага сходу грамадзян, ініцыятарам якога
быў Бабініцкі сельскі выканаўчы камітэт, прапанаваныя старшынёй сельсавета
кандыдатуры Шульгіной Р.Т. і Сліжовай А.Б., як старэйшыны населенага
пункта, падтрыманы не былі. Кандыдатура Грышанава І.І. на галасаванне не
выносілася, таму што ён з’яўляецца пастаянным жыхаром Оршы і пражывае там у
сваёй кватэры. (Далей указаны адрас кватэры, якая знаходзіцца ў прыватнасці
Грышанава, але ў якой ён не жыве і не прапісаны – КРЫНІЦА.INFO) Таму ў
цяперашні час пытанне аб выбранні старэйшыны вёскі не вырашана.
Усім грамадзянам па надзённых пытаннях звяртацца ў Бабініцкі
сельсавет па нумарах тэл 8033-399-99-87, 28-69-86, 28-69-72.
Кожны чацвер з 11.30 да 13.00 будзе ажыццяўляцца выязны прыём
грамадзян старшынёй Бабініцкага сельсавета на месцы прыпынку аўтакрамы».
Месца прыпынку аўтакрамы — ля дома Грышанава, насупраць знесенага
клуба.
Ігар Грышанаў лічыць дзеянні ўладаў сельсавету парушэннем
яго правоў і збіраецца пісаць заяву ў міліцыю аб разгалошванніадрэсы
кватэры і звярнуцца ў пракуратуру.