БХД прапануе прыняць закон аб дзецях вайны
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя прапануе прыняць закон “Аб сацыяльнай абароне дзяцей вайны”. Дзеці вайны – гэта новая льготная катэгорыя грамадзян Беларусі, якія пацярпелі ад Другой сусветнай вайны. Да гэтай катэгорыі павінны адносіцца грамадзяне, якія нарадзіліся з 3 верасня 1927 года па 2 верасня 1945 года ўключна, гэта значыць тыя, каму на дзень заканчэння Другой сусветнай вайны не споўнілася 18 гадоў.
Таксама БХД прапануе на год адмовіцца ад пампезных святкаванняў,
парадаў, а зэканомленыя сотні мільёнаў бюджэтных грошаў перадаць на падтрымку
нямногіх ветэранаў і дзяцей вайны.
“Гэта неабходна зрабіць не столькі для матэрыяльнай
падтрымкі, колькі для ўшанавання і павагі тых, чыё жыццё было зламана вайной, хто
рос і аднаўляў Беларусь у жабрацкіх, амаль катаржных умовах. Без ушанавання
мінулых пакаленняў немагчыма будаўніцтва трывалай будучыні”, – адзначыў
сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Віталь Рымашэўскі.
“Надышоў час, калі ў поўнай меры, на дзяржаўным узроўні
варта паклапаціцца не толькі пра былых франтавікоў, але і дзяцяй ваенных гадоў.
Тых людзей, у якіх вайна адабрала дзяцінства, якія аднаўлялі краіну, замяняючы
сваіх бацькоў ля станкоў, а сёння жывуць у галечы і моўчкі назіраюць за тым, як
новае пакаленне, часам марнатраўна, карыстаецца каштоўнасцямі, створанымі іх
працай. Іх уклад да гэтага часу не аплочаны. У снежні 2014 года Лукашэнка
сказаў, што дзеці і старыя – гэта галоўны клопат дзяржавы. У 2007 годзе была
адменена 50% льгота па аплаце лекаў для людзей якія дасягнулі 70-гадовага
ўзросту і шэраг неабходных ільгот для пенсіянераў, гэтая катэгорыя грамадзян
засталася з найменшай сацыяльнай падтрымкай дзяржавы”, – падкрэсліла кіраўнік
менскай гарадской арганізацыі аргкамітэту Вольга Кавалькова.