МХД: прыняцце Беларусі ў Балонскі працэс не прывяло да рэформаў сістэмы адукацыі і паляпшэння сітуацыі з правамі студэнтаў
Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты шкадуюць, што прыняцце Беларусі
ў Балонскі працэс не стала новым крокам да рэформаў сістэмы адукацыі і паляпшэння
сітуацыі з правамі студэнтаў. Тым не менш, гэта дае новыя магчымасці для працы
моладзевых грамадскіх аб’яднанняў, новыя магчымасці для студэнтаў.
Далучаючыся да Балонскага працэсу, беларускія ўлады
абавязаліся выконваць новыя стандарты сістэмы адукацыі. Акадэмічную супольнасць,
выкладчыкаў і студэнтаў неабходна інфармаваць аб новых іх магчымасцях і правах.
МХД будуць дамагацца рэальных рэформ, каб беларуская
адукацыя была канкурэнтаздольнай, дыпломы беларускіх ВНУ каціраваліся за мяжой,
а беларускія выпускнікі цаніліся на адным узроўні з выпускнікамі лепшых
універсітэтаў свету.
“МХД і іншыя моладзевыя арганізацыі праводзілі кампанію “Беларусь
у Балонскі працэс”, каб не толькі далучыцца да працэсу, але і дамагчыся
правядзення рэформаў. Рэформаў не адбылося, але тым не менш з’явіліся новыя
шанцы для моладзі. Спадзяемся, што студэнты і акадэмічная супольнасць змогуць
скарыстацца імі і дамагчыся выканання еўрапейскіх стандартаў адукацыі ў
Беларусі”, – адзначыла лідар МХД Марына Хоміч.