Абмеркаванне праекту абноўленай праграмы БХД. Прэамбула

18 мая 2015 17:38  |  Галоўныя навіны

Сайт bchd.info пачынае публікацыю частак праекту абноўленай
і пашыранай праграмы Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”. Праект
праграмы будзе разгледжаны на ўстаноўчым з’ездзе Партыі БХД 13 чэвреня. Заўвагі
і праўкі просьба дасылаць на [email protected].

 

Прэамбула

НАРОДНАЯ ПАРТЫЯ З
ХРЫСЦІЯНСКІМ СЭРЦАМ

Мы,
беларускія хрысціянскія дэмакраты, на пачатку ХХІ стагоддзя, усведамляючы сваю
адказнасць перад Богам і Бацькаўшчынай, стварылі новую палітычную сілу – партыю
“Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”, якая грунтуецца на хрысціянскіх каштоўнасцях, дэмакратычных прынцыпах і
беларускім патрыятызме.

 

Мы
з’яўляемся спадкаемцамі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі першай паловы ХХ
стагоддзя і нашчадкамі традыцыі нацыянальнага і духоўнага адраджэння Беларусі.
Арыенцірам у нашай дзейнасці з’яўляецца праца такіх беларускіх дзяржаўных
дзеячоў-хрысціянаў, як Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, князі Астрожскія,
Францішак Скарына, Мікалай Радзівіл Чорны, Астафій Валовіч, Леў Сапега, Язэп
Руцкі, беларускія хрысціянскія дэмакраты першай паловы ХХ стагоддзя.

 

Дактрына
“Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі” увабрала ў сябе вопыт і дасягненні БХД
1920-1930-х і 2000-х гадоў, Хрысціянска-Дэмакратычнага саюзу Нямеччыны і іншых хрысціянска-дэмакратычных партыяў
Еўропы.

 

Партыя
“Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” з’яўляецца народнай партыяй і ажыццяўляе
дактрыну сучаснай хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі. БХД аб’ядноўвае людзей шырокага
ідэйнага спектра: хрысціянскіх дэмакратаў, прыхільнікаў цэнтрысцкай
хрысціянска-сацыяльнай плыні, а таксама прыхільнікаў каштоўнаснага
кансерватызму.

 

Мы бачым
сваёй сацыяльнай базай вернікаў-хрысціянаў, моладзь, сем’і, прадпрымальнікаў,
нацыянальна-арыентаваную інтэлігенцыю, інжынераў, кваліфікаваных рабочых і усіх, хто падзяляе палажэнні гэтай праграмы,
незалежна ад рэлігійных перакананняў і сацыяльнага статуса.

 

На
сённяшні дзень Беларусь краіна ахоплена крызісам у эканоміцы і сацыяльнай
сферы. Беларусаў пазбавілі магчымасці абіраць уладу на свабодных дэмакратычных
выбарах. Беларусаў кожны год становіцца ўсё менш. Пераследуюцца і кідаюцца за
краты беларускія патрыёты, у краіне зневажаюцца палітычныя, грамадзянскія і
сацыяльныя правы чалавека. Беларусь перажывае крызіс маральнасці.

 

У гэтых
умовах БХД імкнецца прыйсці да ўлады ў краіне і рэалізаваць сваю праграму. У
праграме партыі прадстаўлена яснае бачанне таго, як павінна быць уладкавана
дзяржаўная ўлада, эканоміка і грамадства, якую палітыку неабходна праводзіць у
Беларусі ў пераходны перыяд пасля падзення аўтарытарызму, каб пабудаваць
дэмакратыю, грамадзянскую супольнасць і эфектыўную рынкавую эканоміку.

 

БХД спавядае
неґвалтоўныя метады барацьбы і спрыяе кансалідацыі беларускага грамадства.

 

БХД імкнецца
аб’яднаць беларускі народ вакол ідэяў свабоды і дэмакратыі, незалежнай дзяржаўнасці,
сацыяльнай рынкавай эканомікі, правоў чалавека на цвёрдым грунце сутнасна
хрысціянскіх каштоўнасцяў і нацыянальных традыцыяў.

НАШЫ КАШТОЎНАСЦІ

 

БОГ

 

Мы
верым, што сэнс чалавечага жыцця – імкнуцца да Бога, Які стварыў гэтую зямлю, Які
любіць свет настолькі, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага Ісуса Хрыста на крыж
у ахвяру за нашы грахі, і натхняе нас Духам Святым.

 

Цэлае
тысячагоддзе Беларусь з’яўляецца хрысціянскай краінай, часткай еўрапейскай
хрысціянскай цывілізацыі. Біблія ўжо дзве тысячы гадоў выступае для нас мерай
таго, што такое ісціна, дабро, прыгажосць і справядлівасць. Гісторыя ведала
шмат прыкладаў паўстання супраць таго, што ёсць ісціна, дабро, прыгажосць і справядлівасць
па-хрысціянску. Многія спрабавалі даць сваю меру і тлумачэнне гэтым
каштоўнасцям, многія спрабавалі палепшыць і ўдасканаліць тое, што
прапаноўваецца ў Бібліі, але ўсе гэтыя спробы прыводзілі або да паўтору
біблейскіх запаведзяў і прынцыпаў, або да пагаршэння іх і да памылак. Бог даў
чалавеку свабоду волі, свабоду спазнання дабра і зла. Карыстаючыся гэтай воляй
спазнання дабра і зла, мы прыходзім да высновы, што ўяўленні пра дабро і зло
трэба не змяняць, але спазнаваць і разумець.

 

Многія народы, і беларусы ў іх ліку, адмаўляліся ад хрысціянства
на карысць атэізму. Заўсёды гэтая адмова суправаджалася стратай ў праўдзе,
дабры, прыгажосці і справядлівасці. Усе народы і кожны чалавек асобна свабодныя
абіраць і веру сваю, і шлях свой. Наш выбар – хрысціянскі і дэмакратычны. У
свеце квітнеюць тыя краіны і народы, што не ўхіляюцца ад хрысціянскага шляху.
Свой шлях мы выбіраем самі, але правільнасць яго звяраем па Божых Запаветах.

 

ЧАЛАВЕК

 

Мы
вызнаем, што чалавек створаны на вобраз і падабенства Божае. Разам з тым грэх,
які ўвайшоў у чалавеччу прыроду, не дае магчымасці для самавыпраўлення – і, як
хрысціянскія дэмакраты, мы бачым адказ на ўсе пытанні чалавечага існавання ў
Богачалавеку Ісусе Хрысце.

 

Разуменне
аднаго чалавека абмяжоўвае магчымасць дзеяння для іншага. Усякае чалавечае
разуменне недасканалае, таму ніхто не можа навязваць свае погляды іншаму. Правы
і свабоды кожнага чалавека на ўладкаванне свайго ўласнага жыцця абмяжоўваюць
нашы магчымасці па ўладкаванні Беларусі. Гэта адзінае абмежаванне мы лічым
праўдзівым і справядлівым. Тое, што гэта абмежаванне адзінае, але непарушнае,
мы лічым дабром.

 

Хрысціянская
дэмакратыя засноўваецца на ідэі персаналізму, які прызнае асобу першаснай
творчай рэчаіснасцю і вышэйшай духоўнай каштоўнасцю.

 

Чалавек мае індывідуалістычную, сацыяльную і духоўную
прыроду. Хрысціянская дэмакратыя разглядае чалавека як асобу, якая спалучае
гэтыя тры аспекты чалавечай прыроды. Усялякая аднабаковасць і спроба
абсалютызаваць адзін аспект чалавечай прыроды за кошт іншых вядзе да памылковых
рашэнняў і негатыўных наступстваў. Чалавек не з’яўляецца поўнасцю аўтаномным і
ізаляваваным, таксама як і не з’яўляецца механічным складнікам калектыву,
другасным у параўнанні з калектывам. Хрысціянская дэмакратыя ўяўляе чалавека як
асобу, надзеленую годнасцю, з індывідуалістычнымі памкненнямі, якая рэалізуе
сябе ў зносінах і супрацоўніцтве з іншымі людзьмі і мае патрэбу ў духоўным
быцці, як неад’емнай сутнасці чалавечага жыцця.

 

БЕЛАРУСЬ

 

Беларусь
для нас і Радзіма, і Пакліканне. Бог даў нам нарадзіцца на гэтай зямлі таму што
наш лёс непарыўна звязаны з беларусамі, беларускай гісторыяй, мовай і
культурай, а таксама місіяй, укладзенай у Беларусь звыш.

 

Хрысціянскія
народы Еўропы абіраюць розныя варыянты ўладкавання сваіх краін. Як кожны
чалавек вольны ўладкоўваць свой дом, так і кожны народ вольны ўладкоўваць сваю
краіну. Мы народжаныя ў Беларусі, гэта нашая краіна, і ніхто акрамя нас не
ўладкуе яе так, як нам трэба. Беларусь – гэта наша свабода, свабода жыць і
дзейнічаць згодна з нашым разуменнем праўды, дабра, прыгажосці і
справядлівасці. Справядліва, што толькі мы самі свабодныя ўладкаваць яе ў дабры
і прыгажосці; праўдзіва, што мы адказныя за адсутнасць у ёй дабра і прыгажосці.

Болей навін