Абмеркаванне праекту абноўленай праграмы БХД. ЦАРКВА

20 мая 2015 17:27  |  БХД

Сайт bchd.info працягвае публікацыю частак праекту абноўленай і
пашыранай праграмы Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”. Праект
праграмы будзе разгледжаны на ўстаноўчым з’ездзе Партыі БХД 13 чэвреня. Заўвагі
і праўкі просьба дасылаць на [email protected].

 2.ЦАРКВА

2.1. Царква – сэрца
грамадства

2.1.1. Хрысціянства – нацыятворчая сіла беларускай гісторыі і
аснова беларускай нацыянальнай ідэі. Без веры ў Бога, без Бібліі, без Царквы
немагчыма ані ўявіць сабе Беларусь, ані зразумець яе.

Хрысціянства стала падмуркам беларускай дзяржаўнасці,
нацыянальнай палітыкі і культуры. Часы найвялікшага росквіту Беларусі былі
неадрыўна звязаныя з развіццём хрысціянства на беларускіх землях.

 

Таму ацаленне грамадства і адбудова Беларусі як дзяржавы
пасля вякоў бязбожжа і акупацыі немагчыма без умацавання царквы і хрысціянскага
адраджэння краіны.

 

2.1.2. Мы вызнаем, што Царква – эпіцэнтр гісторыі, якую творыць
Бог, і сэрца чалавечага грамадства. Менавіта стан хрысціянскіх цэркваў тысячу
гадоў вызначаў аблічча і змест Беларусі, характар пакаленняў, маральнае здароўе
грамадства і моц дзяржавы. Таму эфектыўнае і ўстойлівае развіццё беларускага
грамадства ў сацыяльных, эканамічных, культурных і палітычных галінах магчыма
толькі на падмурку хрысціянскіх каштоўнасцей.

 

2.1.3. БХД прызнае роўныя правы за трыма братэрскімі канфесіямі
– праваслаўем, каталіцтвам і пратэстантызмам. Беларускае хрысціянскае
трыадзінства – падмурак для яднання нацыі і зарука адкрытасці Беларусі ўсяму
свету.

 

2.1.4. У сваёй міжканфесійнай працы, палітыцы і
ўзаемадачыненнях, якія патрабуюць удзелу вернікаў розных вызнанняў, мы зыходзім
з прынцыпу святога Аўгустына: у галоўным – адзінства, у спрэчным – свабода, але
ва ўсім – любоў.

 

2.1.5. У сваёй грамадскай і палітычнай працы мы арыентуемся на сацыяльныя канцэпцыі
хрысціянскіх канфесіяў як на крыніцу
глыбокіх сутнасных адказаў на выклікі і праблемы сучаснасці.

 

2.1.6. Мы разумеем: замяніць дзясяткі тысячаў карумпаваных
чыноўнікаў і кіраўнікоў у выніку змены ўлады павінны сумленныя і адказныя людзі
– без гэтага рэформы асуджаныя на правал. Патэнцыял усеахопнага, ачышчальнага
кадравага абнаўлення мы бачым найперш ва ўцаркоўленых верніках. Толькі праз
асабісты прыклад актыўнага удзелу хрысціянаў-прафэсіяналаў у палітычным і
грамадскім жыцці краіны, нормы біблейскай этыкі могуць быць распаўсюджаны і
прыняты ўсім грамадствам. Адпаведна, ядром партыі БХД мы бачым уцаркоўленых
вернікаў і сумленных прафесіяналаў у сваіх сферах дзейнасці. Евангельская
мараль з’яўляецца асновай для пабудовы
унутрыпартыйных стасункаў і працы нашай партыі ў грамадстве.

2.2.
Царкоўныя арганізацыі і свабода сумлення

 

2.2.1. БХД разглядае
свабоду сумлення як свабоду трымацца тых або іншых прынцыпаў, поглядаў і
перакананняў, свабоду вызнаваць тую ці іншую рэлігію альбо не вызнаваць ніякай.
Згодна з поглядамі БХД, свабода сумлення з’яўляецца найважнейшым правам
чалавека ў дэмакратычнай дзяржаве. Свабода веравызнання палягае ў тым, што
кожная канфесія мае права свабодна існаваць і развівацца у Беларусі, калі яна
не парушае законы Рэспублікі Беларусь і не мае дэструктыўнага ўхілу.

 

2.2.2. Кожны чалавек мае
права выбіраць форму вызнання той або іншай рэлігіі публічна ці патаемна,
аднаасобна ці сумесна з іншымі людзмі. Не павінна існаваць ніякіх абмежаванняў
свабоднаму распаўсюду рэлігійных поглядаў і перакананняў. Кожны чалавек павінен
мець права на вольнае навучанне асновам выбранай ім рэлігіі, мець права на
вольныя рэлігійныя аб’яднанні і царкоўныя суполкі.

 

2.2.3. Царкоўныя
арганізацыі таксама як і грамадскія арганізацыі павінны мець магчымасць
свабодна ўзнікаць і дзейнічаць. БХД выступае за рэгістрацыю царкоўных суполак
заяўным прынцыпам. Рэгістрацыя рэлігійнай арганізацыі з’яўляецца яе правам, а
не абавязкам. Гэта значыць, што дзяржаўная рэгістрацыя царкоўных суполак не
павінна быць абавязковай, калі самі суполкі не лічаць яе патрэбнай.
Недапушчальна любое ўмяшальніцтва дзяржавы ў справы царкоўных арганізацыяў, за
выключэннем выпадкаў, калі маюць месца парушэнні закона.

 

2.3. Правы цэркваў

2.3.1. Царкоўныя арганізацыі акрамя ўласна рэлігійнай
дзейнасці могуць ажыццяўляць і царкоўна-сацыяльную актыўнасць – дабрачынныя
акцыі і мерапрыемствы, нядзельныя школы і царкоўныя пачатковыя школы,
удзельнічаць у ажыццяўленні сацыяльнай палітыкі ў якасці суб’екта нароўні з
грамадскімі арганізацыямі.

 

2.3.2. БХД лічыць
неабходным забяспечыць наступныя правы царкоўных супольнасцяў:

 

-права на публічныя
пропаведзі і набажэнствы;

-права на выкладанне
рэлігіі ў дзяржаўных і прыватных навучальных установах;

-права на выданне, куплю і
продаж рэлігійнай літаратуры, часопісаў і газет;

-права на карыстанне
сродкамі масавай інфармацыі, радыё і тэлебачаннем;

-права на дабрачынную
дзейнасць і збор ахвяраванняў, гэтак жа як і на іншыя формы гаспадарчай і
фінансавай дзейнасці, якія не супярэчаць закону;

-права на місіянерскую
дзейнасць і на арганізацыю паломніцтва вернікаў да святых мясцін;

-права на ўтварэнне
дзіцячых рэлігійных таварыстваў пры абавязковым захаванні прынцыпу
добраахвотнасці;

-права на роўныя і
справядлівыя адносіны з боку дзяржавы пры аказанні матэрыяльнай або іншай
дапамогі;

-права на садзейнічанне з
боку дзяржавы пры вяртанні і аднаўленні канфіскаваных або разбураных святыняў і
пабудоў, што належалі рэлігійным арганізацыям;

-права на рэабілітацыю
бязвінна рэпрэсаваных вернікаў, як святароў, так і міранаў, з абавязковай
кампенсацыяй канфіскаванай маёмасці і прызначэннем адпаведнай пенсіі і іншай
дапамогі;

-права на асабісты характар
рэлігійных перакананняў ці іх адсутнасць з забаронай прымусовага атрымання
звестак аб рэлігійных перакананнях грамадзян.

2.4.
Актыўныя цэрквы – адраджэнне краіны

 

2.4.1. Відавочна, што дзяржава не ў стане спраўляцца з усімі
сацыяльнымі праблемамі – і БХД выступае за дэлегаванне як мага большага ўдзелу
ў іх вырашэнні цэрквам. Цэрквы могуць цёпла і годна рупіцца пра сіротаў,
непаўнаспраўных, пажылых, аказваць дапамогу ў рэабілітацыі нарка- і
алказалежных. Адначасова дзяржава мусіць аказваць бюджэтную падтрымку тым
арганізацыям і ініцыятывам, якія актыўна займаюцца дабрачыннасцю. БХД – за
перадачу ва ўласнасць такіх цэркваў пустуючых будынкаў, зямлі для пабудовы
рэабілітацыйных цэнтраў, хоспісаў і дзіцячых летнікаў.

 

2.4.2. БХД будзе дамагацца фармавання дзяржаўнага заказу ў
галіне сацыяльнай абароны з парытэтным фінансаваннем дабрачынных праграмаў
уладай, цэрквамі і грамадскімі арганізацыяі праз сістэму тэндэраў.

 

2.4.3. БХД за тое, каб грамадзяне і юрыдычныя асобы, якія
фінансуюць дабрачынную дзейнасць, ільгатаваліся ў аб’ёме не менш як 20% ад
падатку на прыбытак.

 

2.4.4. БХД выступае за тое, каб надаць магчымасць царкоўным і
грамадскім дабрачынным арганізацыям атрымліваць у арэнду аб’екты
рэспубліканскай і камунальнай уласнасці без праходжання конкурсных працэдураў
(аукцыёнаў).

 

2.4.5. БХД за
вызваленне рэлігійных арганізацыяў ад выплаты падатку на дабаўленую вартасць
пры ўвозе ў краіну багаслужбовай літаратуры і прадметаў, неабходных для
рэлігійнай дзейнасці.

 

2.4.6. БХД патрабуе вяртання адабраных савецкай уладай храмаў і
капліцаў ва ўласнасць цэркваў. Землі, якімі валодалі цэрквы (да 1917 года) у
большасці выпадкаў вярнуць немагчыма – але з улікам прымусовай і гвалтоўнай
канфіскацыі ў часы камузнізму ўлада мусіць прапанаваць участкі пад дапаможныя
пабудовы ды царкоўную гаспадарку.

 

2.4.7. БХД будзе дамагацца таго, каб надаць рэлігійным
арганізацыям права на стварэнне ўстановаў духоўнай адукацыі, і ўвядзенне іх у
пералік установаў адукацыі, нароўні з іншымі, замацаванымі заканадаўча, а
таксама за ўраўнаванне ў правах студэнтаў і выкладчыкаў духоўных навучальных
установаў са студэнтамі і выкладчыкамі іншых установаў адукацыі.

 

2.4.8. БХД
выступае за тое, каб замацаваць за царкоўнымі арганізацыям права на стварэнне прыватных
школаў і агульнаадукацыйных навучальных установаў.

 

2.4.9. БХД выступае за стварэнне ўплывовых назіральных радаў з
удзелам прадстаўнікоў цэркваў на асноўных дзяржаўных і грамадскіх тэлеканалах.

Болей навін