Абмеркаванне праекту абноўленай праграмы БХД. САЦЫЯЛЬНАЯ АБАРОНА
10. САЦЫЯЛЬНАЯ АБАРОНА
10.1.
Сацыяльная палітыка БХД
10.1.1. Сацыяльная
палітыка БХД накіравана на паляпшэнне жыццёвых шанцаў людзей і ўзмацненне
салідарнасці, справядлівасці, адказнасці і спагады ў грамадстве. Спалучэнне
асабістай адказнасці, дзяржаўных паслуг і грамадзянскай актыўнасці з’яўляецца
неабходным для гарантавання сацыяльнай бяспекі.
10.1.2. Падчас фармавання
сістэм сацыяльнай абароны мы павінны арыентавацца на тры прынцыпы: яны павінны
замацоўваць прынцып асабістай адказнасці, адпавядаць прынцыпу салідарнасці
пакаленняў і не парушаць прынцып справядлівасці паслуг. Сістэмы сацыяльнага
страхавання павінны ўлічваць розныя патрэбы, жыццёвыя сітуацыі і этапы жыцця
чалавека.
10.1.3. Мы выступаем за
ўзмацненне празрыстасці, эфектыўнасці, канкурэнцыі, дэцэнтралізацыі і прынцыпу
субсідыярнасці ва ўсіх сістэмах сацыяльнага страхавання.
10.1.4. Фінансавай
базай сацыяльнай абароны БХД бачыць адмысловыя пазабюджэтныя дзяржаўныя фонды –
Пенсійны фонд, Фонд сацыяльнага страхавання на выпадак часовай
непрацаздольнасці, мацярынства і няшчасных выпадкаў, Дзяржаўны фонд
медыцынскага страхавання і рэгіянальныя фонды абавязковага медыцынскага
страхавання.
10.1.5. Рашэнне задач сацыяльнага забеспячэння і медыцынскага абслугоўвання
павінна быць максімальна набліжана да жыхароў краіны. БХД лічыць неабходным
павялічыць ролю мясцовых самакіраванняў і прафсаюзаў у пытаннях сацыяльнага
забеспячэння, а ў пытаннях аховы здароўя – рэгіянальнай адміністрацыі і
самакіравання.
10.2. Пенсійная
сістэма
10.2.1. Існуючая ў Беларусі пенсійная сістэма вычарпала
сябе і ўжо зараз не можа забяспечваць годнага існавання грамадзян пенсійнага
ўзросту. Дэмаграфічны крызіс і старэнне насельніцтва, якія няўхільна
прагрэсуюць у Беларусі, абумоўліваюць адыход ад аднаўзроўневай размеркавальнай
пенсійнай сістэмы.
10.2.2. БХД бачыць паляпшэнне ўзроўню жыцця грамадзян пенсійнага ўзросту і
непрацаздольных грамадзян за кошт спалучэння абавязковага і дадатковага
добраахвотнага пенсійнага страхавання, размеркавальных і накапляльных
механізмаў фінансавання.
10.2.3. Найлепшым для Беларусі шляхам па ўдасканаленню пенсійнай сістэмы
з’яўляецца ўвядзенне трохузроўневай
сістэмы. Яна спалучае, з аднаго боку, салідарнасць пакаленняў, а з другога –
асабістую зацікаўленасць кожнага чалавека ў забеспячэнні сваёй будучыні.
10.2.4. Першы ўзровень пенсійнай сістэмы складаюць сацыяльныя пенсіі, другі
– працоўныя (страхавыя) і трэці – дадатковыя недзяржаўныя пенсіі.
10.2.5. Сацыяльныя пенсіі гарантуюцца дзяржавай. Сродкі на першую ступень
паступаюць у выглядзе адмысловых унёскаў наймальнікаў і прадпрымальнікаў у
дзяржаўны Пенсійны фонд. Памер гэтай часткі пенсіі адпавядае пражытковаму
мінімуму альбо пэўнай частцы ад сярэдняга заробку па краіне.
10.2.6. Другая ступень уяўляе накапляльную сістэму, якая прадугледжвае
персанальныя рахункі ў Накапляльным фондзе як частцы дзяржаўнага Пенсійнага
фонду. Выплаты ў Накапляльны фонд паступаюць як ад дзяржавы, так і прыватных
асоб. Накапляльны фонд скіроўвае свае сродкі ў каштоўныя паперы і іншыя
фінансавыя інструменты для атрымання прыбытку. Прыбыткі Фонда накіроўваюцца на
выплату другой накапляльнай часткі
пенсіі. Пасля смерці пенсіянера рэшту яго назапашванняў у Накапляльным фондзе
атрымліваюць яго спадкаемцы. Накапляльны фонд уключае ў сябе таксама
прафесійнае пенсійнае страхаванне асобных катэгорыяў работнікаў.
10.2.7. Трэці ўзровень уяўляе сабой дадатковую і дабраахвотную частку
пенсійнай сістэмы. Грамадзяне могуць ствараць дадатковыя накапленні для сваёй
будучай пенсіі, робячы ўнёскі ў прыватныя пенсійныя фонды. Грашовыя сумы,
сплочваемыя ў прыватныя фонды, інвестуюцца ў каштоўныя паперы, акцыі і іншыя
інвестыцыйныя праекты. У выніку, заробленыя дывідэнты могуць павялічваць
выплочваемыя сумы пенсійнага фонду.
10.2.8.
Сацыяльныя віды пенсіяў па інваліднасці, па дагляду, па адсутнасці карміцеля
павінны адпавядаць памеру пражытковага мінімуму па краіне.
10.2.9.
Пенсійная рэформа праводзіцца адначасова з рэформамі ў іншых сферах эканомікі.
Неабходным з’яўляецца забеспячэнне стабільнасці нацыянальнай валюты і нізкага
ўзроўню інфляцыі, стварэнне развітага ўнутранага фінансавага рынку і фармаванне
інстытуцыйнай базы сістэмы назапашвання, а менавіта кіруючых кампаніяў, дэпазітарыяў,
кантралюючых і наглядных органаў.
10.2.10. Сённяшнія пенсіянеры зрабілі вялікі ўнёсак у
стварэнне нацыянальнага багацця нашай краіны. Яны не могуць быць пазбаўлены
магчымасці атрымання сваёй долі ў размеркаванні прыбыткаў ад прыватызацыі
дзяржаўнай маёмасці.
10.3. У галіне сацыяльнай абароны БХД выступае за:
10.3.1. – стварэнне
Накапляльнага пенсійнага фонду і персанальных накапляльных рахункаў, на якія
работнікі адлічваюць да 6,5% свайго заробку;
10.3.2. – перадачу ў
Накапляльны пенсійны фонд не менш за 25% акцыяў буйных дзяржаўных
прадпрыемстваў або 25% сродкаў ад прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці;
10.3.3.
– паступовае пераразмеркаванне абавязковай
страхавой нагрузкі паміж працадаўцам і работнікам;
10.3.4.
– удасканаленне механізма
стымулявання больш позняга выхаду на пенсію;
10.3.5.
– спрыянне прысутнасці сталых
людзей на рынку працы;
10.3.6.
– выраўноўванне ўзросту выхаду
на пенсію для мужчын і жанчын – да 60 гадоў з 2020 года і да 2025-2028 гадоў –
да 63 гадоў;
10.3.7.
– фінансаванне датэрміновых
пенсіяў за кошт мэтавых унёскаў працадаўцы;
10.3.8.
– развіццё прыватных пенсійных
інвестыцыйных фондаў;
10.3.9.
– аднясенне страхавых унёскаў па
страхаванню дадатковых пенсіяў на сабекошт пры адлічэнні як у дзяржаўныя, так і
недзяржаўныя пенсійныя фонды;
10.3.10.– сістэму
надбавак да пенсіі асобам, якія маюць не менш за двух дзяцей;
10.3.11. – заканадаўчае
рэгуляванне сістэмы пажыццёвай рэнты.
10.4. Сістэма аховы здароўя і медыцынскае страхаванне
10.4.1. БХД імкнецца, каб у
Беларусі, незалежна ад даходаў, узросту і рызыкі, кожны чалавек атрымліваў
якаснае, набліжанае да месца пражывання медыцынскае забеспячэнне. З увагі на
дэмаграфічныя змены, медыцынскі і медыка-тэхнічны прагрэс павінны развівацца
структура, арганізацыя і фінансаванне беларускай медыцыны.
10.4.2. Для паляпшэння фінансавання нашай медыцыны
мы лічым неабходным паступовы пераход ад бюджэтнага фінансавання медыцыны да
сістэмы абавязковага і добраахвотнага медыцынскага страхавання, стварэння
роўных умоў для дзяржаўных і прыватных медыцынскіх устаноў.
10.4.3. Фонд абавязковага медыцынскага страхаванняпавінен быць перададзены дзяржаўным страхавым кампаніям. Сродкамі
добраахвотнага медыцынскага страхавання могуць кіраваць як дзяржаўныя, так і
недзяржаўныя страхавыя кампаніі.
10.4.4. Мы бачым неабходнасць
правядзення рэформы першаснай тэрапеўтычнай дапамогі з увядзеннем такіх
інстытутаў, як сямейныя лекары (больш
падрабязна пра сямейных лекараў гл. у раздзеле “Моцная сям’я – моцная
Беларусь”) і прыватныя медыцынскія кабінеты першага (нізавога) ўзроўню
медыцынскай дапамогі.
10.4.5.
Кожны чалавек нясе адказнасць і зацікаўлены ў захаванні свайго здароўя і
папярэджанні захворванняў. Важным крокам да ўзмацнення асабістай адказнасці,
прафілактыкі і падтрымання здароўя грамадзян з’яўляецца пашырэнне механізму
суплацяжоў за медыцынскія паслугі. Узровень суплацяжоў чалавека за медыцынскія
паслугі павінен залежаць ад ўзроўня яго даходаў.
10.4.6.
Рэфармаванне на макраўзроўні павінна пачынацца з рэформ кіравання сістэмай
аховы здароўя, абароны навакольнага асяроддзя і сацыяльнай абароны
насельніцтва. БХД лічыць неабходным інтэграцыю службаў аховы здароўя і
сацыяльнай абароны шляхам стварэння Міністэрства аховы здароўя і сацыяльнага
развіцця. Беларуская сістэма аховы здароўя павінна імкнуцца
да дэцэнтралізацыі сваіх структур і асноўвацца на прынцыпах плюралізма і
самакіравання.
10.5. У галіне аховы здароўя БХД выступае за:
10.5.1. – вызначэнне дакладных дзяржаўных
абавязальніцтваў у дачыненні да відаў і аб’ёмаў медыцынскай дапамогі
насельніцтву. Гэта прадугледжвае ўвядзенне базавага набору медыцынскай дапамогі
за кошт абавязковага медыцынскага страхавання;
10.5.2. – прырост выдаткаў на ахову здароўя на 1,5% ад ВУП кожныя
2-3 гады і давядзенне гэтага паказніка да 10-12%
ад ВУП;
10.5.3. – адлічэнне
ў фонд абавязковага
медыцынскага страхавання сродкаў ад абароту спіртных напояў,
табачных вырабаў, гульнявога бізнесу, штрафаў за экалагічныя парушэнні;
10.5.4. – падатковыя ільготы для сацыяльна адказных кампаніяў;
10.5.5. – увядзенне празрыстага механізму суплацяжоў насельніцтва пры аказанні
медыцынскай дапамогі: набыццё хворымі лекаў, харчаванне за свой кошт,
выкарыстанне асабістай пасцельнай бялізны і посуду ў стацыянары. Суплацяжы,
якія ўносіць грамадзянін за год, не павінны перавышаць сумы мінімальнага
месячнага заробку па краіне.
10.5.6. – вызначэнне
ўрадам ліміту росту выдаткаў на стацыянарную дапамогу;
10.5.7. – увядзенне інстытуту сямейных лекараў;
10.5.8. – папраўкі
ў дзеючае падатковае заканадаўства, якія прадугледжваюць вылік асабістых
выдаткаў на медыцынскую дапамогу з базы падаткаабкладання пры вылічэнні
падаходнага падатку;
10.5.9. – інфармацыйную сістэму маніторынгу
дзяржаўных гарантыяў у галіне аховы здароўя разам са стварэннем для гэтых мэт
адмысловага центра – Цэнтральнага НДІ
арганізацыі і інфарматызацыі аховы здароўя;
10.5.10. – забарону практыкі “платных кабінетаў” пры бюджэтных
паліклініках;
10.5.11. – адкрыццё медыцынскіх прадпрыемстваў гаспадарча-разліковай
формы;
10.5.12. – увядзенне свабоднага цэнаўтварэння для арганізацыяў, якія
не фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту;
10.5.13. – маніторынг коштаў на платныя медыцынскія паслугі
дзяржавай шляхам паведамляльнага характару рэгістрацыі прэйскурантаў коштаў;
10.5.14. – замацаванне “падатковага выліку” як у выпадку набыцця
поліса добраахвотнага страхавання па кампенсацыі медыцынскіх выдаткаў, так і
пры непасрэднай аплаце за лячэнне ў касу медыцынскай арганізацыі;
10.5.15. – льготы
арганізацыям і асобам, якія займаюцца медыцынскай дабрачыннасцю;
10.5.16. – стварэнне
“пазітыўных” і “негатыўных” спісаў лекаў, выдаткі на набыццё якіх пакрываюцца
ці не пакрываюцца дзяржавай за кошт медыцынскай страхоўкі, выкарыстанне
лекаў-джэнэрыкаў;
10.5.17.– стварэнне фармулярнай
сістэмы лекавых сродкаў;
10.5.18.– ажыццяўленне механізму
дэцэнтралізацыі сістэмы забеспячэння лекамі;
10.5.19.– гарманізацыю
заканадаўства ў сферы лекавага звароту і фармацэўтычнай дзейнасці з
міжнароднымі дакументамі;
10.5.20.– узмацненне дзяржаўнай
падтрымкі айчыннай медыцынскай і фармацэўтычнай прамысловасці з мэтай зніжэння
дэфіцыту айчынных і высокіх коштаў імпартных лекавых сродкаў і вырабаў
медыцынскага прызначэння;
10.5.21.– удасканаленне структуры санітарна-эпідэміялагічнай службы шляхам
узбуйнення устаноў, стварэння міжмуніцыпальных і міжрэгіянальных лабараторных
цэнтраў і цэнтраў Дзяржэпіднагляду;
10.5.22.– павелічэнне грамадскага
ўдзелу ў фармаванні прыярытэтнасці здаровага ладу жыцця і прапагандзе
медыцынскіх ведаў як асновы санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва;
10.5.23. – накіраванне эканоміі сродкаў на развіццё аховы здароўя і
матэрыяльнае стымуляванне працы медыцынскіх работнікаў.
10.6. Страхаванне па часовай непрацаздольнасці,
мацярынству і няшчасных выпадках
10.6.1. Сродкі на страхаванне па часовай
непрацаздольнасці, мацярынству і няшчасных выпадках павінны акумулявацца ў
пазабюджэтным Фондзе сацыяльнага страхавання Рэспублікі Беларусь (ФСС). ФСС бачыцца як самастойная дзяржаўная
фінансава-крэдытная установа. Каардынацыя дзейнасці ФСС павінна ажыццяўляцца
Міністэрствам аховы здароўя і сацыяльнага развіцця Рэспублікі Беларусь з
ўдзелам агульнабеларускіх аб’яднанняў прафсаюзаў і мясцовых самакіраванняў.
10.6.2. У разглядзе спраў і
размеркаванні сацыяльнай дапамогі на нізавым узроўні павінны актыўна
ўдзельнічаць муніцыпальныя камісіі з прадстаўнікоў мясцовых самакіраванняў і
грамадскіх арганізацыяў. Прафесійныя саюзы павінны кантраляваць выдаткі і
ўдзельнічаць у фармаванні сацыяльнай палітыкі па санаторна-курортнаму лячэнню і
аздараўленню дарослага насельніцтва і дзяцей.
10.6.3.
БХД лічыць неабходным узмацненне высілкаў дзяржавы па падтрымцы сям’і ў межах
адмысловай дзяржаўнай праграмы “Сямейны капітал” (больш падрабязна пра сямейны капітал гл. у раздзеле “Моцная сям’я –
моцная Беларусь”).
10.6.4.
Дапамога па даглядзе за дзецьмі павінна даваць магчымасць і жанчынам, і
мужчынам сумяшчаць працоўнае жыццё з сямейным. Тэрмін выплаты дапамогі можа
дзяліцца паміж абодвума бацькамі пароўну.
10.6.5.
Страхаванне па беспрацоўі з’яўляецца салідарным страхаваннем. Дапамога па
беспрацоўі павінна забяспечваць годнае існаванне грамадзяніна на тэрмін, які
неабходны для пошуку працы. Працягласць атрымання дапамогі па беспрацоўю
павінна залежыць ад працягласці выплаты ўнёскаў работніка і ў працэнтных
суадносінах гарантаваць атрыманне дастаткова высокай часткі яго прыбыткаў ад
папярэдняй занятасці.
10.6.6. Палітыка дзяржавы ў адносінах да страхавання ад
няшчасных выпадкаў на вытворчасці павінна стымуляваць працадаўцаў да паляпшэння
ўмоў працы і прафілактыкі траўматызму.
10.7. У галіне страхавання БХД выступае
за:
10.7.1. – перадачу ў ФСС не
менш за 15% акцыяў буйных дзяржаўных прадпрыемстваў або 15% сродкаў ад
прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці;
10.7.2.
– распрацоўку і прыняцце
дзяржаўнай праграмы “Сямейны капітал”, якая накіравана на павелічэнне
сацыяльнай абароны і дзяржаўнай дапамогі сем’ям з двума і болей дзецьмі;
10.7.3. – прадастаўленне
бацькам нованароджаных права на 14 дзён адпачынку з 100% аплатай у сувязі з нараджэннем дзіцяці;
10.7.4. – шырокае выкарыстанне рынкавых механізмаў
і надбавак для страхавацеляў у залежнасці ад ўзроўню траўматызму і прафесійных
захворванняў на канкрэтным прадпрыемстве;
10.7.5.
– стварэнне комплексу мер па
павелічэнні зацікаўленасці працадаўцаў у змяншэнні ўзроўню траўматызму,
прафілактыцы няшчасных выпадкаў і прафесійных захворванняў;
10.7.6.
– павелічэнне памераў падатковых
вылікаў на дзяцей да 18 гадоў і ўтрыманцаў да 50% памеру бюджэта пражытковага
мінімума на кожнае дзіця, а для асоб, якія маюць права на атрыманне такога
выліку ў павялічаным памеры (удовы, ўдаўцы, адзінокія бацькі, апекуны,
папячыцелi і інш), – 100% памеру бюджэта пражытковага мінімума на кожнае дзіця;
10.7.7. – павелічэнне
дапамогі па беспрацоўю да 65% прыбыткаў ад папярэдняй занятасці на працягу
першых трох месяцаў, 50% – падчас наступных трох месяцаў і 35% – падчас
наступных 6 месяцаў, але не менш за бюджэт пражытковага мінімума.
10.8. Прафсаюзны
рух
10.8.1. БХД выступае за гарантыі правоў усіх працоўных на
годную працу і асабістае жыццё. Работнікі павінны валодаць правам на
арганізацыю прафесійных саюзаў на ўсіх
прадпрыемствах, ва ўсіх арганізацыях і ўстановах пры любых формах уласнасці.
10.8.2. Вольныя і незалежныя арганізацыі работнікаў і
працадаўцаў з’яўляюцца незаменнымі і раўнапраўнымі партнёрамі дзяржавы ў
дасягненні сацыяльнай справядлівасці і эканамічнага развіцця краіны на агульнанацыянальным, рэгіянальным і лакальным
узроўнях.
10.8.3. БХД, кіруючыся прынцыпам субсідыярнасці, лічыць
неабходным перадаць прафсаюзам асобныя функцыі ў сацыяльным страхаванні,
забеспячэнні матэрыяльных умоў жыцця работнікаў і кантролі бяспекі працы.
Паўсюднае заключэнне калектыўных працоўных дамоваў павінна стаць гарантыяй
абароны правоў работнікаў на прадпрыемствах усіх форм уласнасці. БХД выступае
за больш шчыльнае супрацоўніцтва з прафсаюзным рухам Беларусі дзеля забеспячэння правоў наёмных работнікаў. Гэта будзе спрыяць выкананню агульных для БХД і
прафсаюзаў задач па паляпшэнню эканамічнага і сацыяльнага становішча працоўных.
10.8.4. Паглыбленне супрацоўніцтва паміж
БХД і прафсаюзамі дазволіць замацаваць прынцыпы хрысціянскай дэмакратыі ў
працоўным асяроддзі краіны.
10.9. У сферы прафсаюзнай дзейнасці БХД
выступае за:
10.9.1. – права на стварэнне незалежных прафесійных саюзаў у
паведамляльным парадку без атрымання папярэдняга дазволу дзяржаўных органаў;
10.9.2. – ліквідацыюперашкодаў,
якія могуць быць выкліканы патрабаваннем аб юрыдычным адрасе і 10-працэнтнай мінімальнай колькасцю сябраў
прафсаюза ад агульнай колькасці работнікаў прадпрыемства;
10.9.3. – забеспячэнне празрыстасці палажэнняў, якія рэгулююць
парадак утварэння прафсаюза;
10.9.4. – стварэнне эфектыўнага механізму абароны ад
антыпрафсаюзнай дыскрымінацыі і іншых рэпрэсіўных мер у дачыненні да актывістаў
працоўнага руху;
10.9.5. – узмацненне
адказнасці чыноўнікаў дзяржаўных органаў і кіраўніцтва прадпрыемстваў за ўмяшанне
ў дзейнасць прафсаюзаў;
10.9.6. – адмову
ад тэрміновых працоўных кантрактаў, за выключэннем абмежаванай колькасці
катэгорыяў працоўных;
10.9.7. – прывядзенне
норм закона “Аб правядзенні масавых мерапрыемстваў” у адпаведнасць з правам
прафесійных саюзаў і арганізацыяў працадаўцаў адстойваць правы працоўных;
10.9.8.
– распрацоўку і ўкараненне
сістэмы падаткавых ільгот для сацыяльна адказных
кампаніяў.