Хрысціянскія партыі ў таталітарных дзяржавах

30 мая 2015 20:07  |  Палітыка

Наяўнасць аднапартыйнай сістэмы часцяком з’яўляецца адной з
абавязковых характарыстык таталітарных рэжымаў. Аднак часам нават яны
дапускаюць шматпартыйнасць. Нават у Паўночнай Карэі афіцыйна дзейнічаюць тры
партыі: кіруючая Працоўная партыя Карэі і два яе сатэліты —
Сацыял-дэмакратычная партыя Карэі і Партыя маладых сяброў нябеснага шляху
Чхондагё-Чхонудан, якія прызнаюць кіруючую ролю ППК.

 

У краінах жа, якія гістарычна з’яўляюцца хрысціянскімі,
дапускаецца ў тым ліку і існаванне хрысціянскіх партый. У прыватнасці, яшчэ ў
чэрвені 1945 года ў савецкай зоне акупацыі Нямеччыны па прыкладзе амерыканскай,
брытанскай і французскай зон паўстаў Хрысціянска-дэмакратычны саюз. У 1949 Хрысціянска-дэмакратычныя
саюзы Заходняй Нямеччыны аб’ядналіся і стварылі адзіную партыю Федэратыўнай
Рэспублікі Нямеччына, а усходненямецкі ХДС працягнуў сваю адасобленую дзейнасць
у камуністычнай Нямецкай Дэмакратычнай Рэспубліцы.

 

Як і ў Паўночнай Карэі, ХДС не гуляў самастойнай ролі ў
палітыцы НДР. Ён быў вымушаны ўваходзіць у блок з чатырма іншымі партыямі на
чале з Сацыялістычнай адзінай партыяй Нямеччыны (САПН). Разам з іншымі партыямі
хрысціянскія дэмакраты фармавалі ўрад, мелі фракцыю ў парламенце. Прадстаўнік
ХДС Георг Дэртынгер ў 1949-1953 гадах быў першым міністрам замежных спраў
камуністычнай Нямеччыны, а старшыня партыі Геральд Гётынген ў 1969-1976 гадах
узначальваў усходненямецкі парламент.

 

Існаванне хрысціянскіх дэмакратаў мела на мэце стварыць
бачнасць дэмакратычнасці НДР. Пры гэтым лідары партыі былі вымушаныя супрацоўнічаць
са спецслужбамі, за што паплаціліся ў перыяд дэмакратызацыі Усходняй Нямеччыны.

 

У 1989 годзе з падзеннем Берлінскай сцяны ХДС актыўна
ўключыўся ў працэс дэмакратызацыі. Геральд Гётынген, які запляміў сябе, сышоў у
адстаўку з усіх пасадаў. Яго месца заняў Лотар дэ Мэзьер, стрыечны брат якога
Томас дэ Мэзьер у гэты час быў прэс-сакратаром заходненямецкага ХДС. У снежні
1989 года ХДС выйшаў з блока з САПН, а ў лютым 1990 стварыў «Альянс за
Нямеччыну» разам з узніклымі на хвалі перабудовы пратэстанцкім «Дэмакратычным
прарывам», адным з лідараў якога была Ангела Меркель, і кансерватыўным Нямецкім
сацыяльным саюзам.

 

На выбарах 1990 года ХДС атрымаў большасць галасоў і сфармаваў
кааліцыйны ўрад на чале з Лотарам дэ Мэзьерам. Член ХДС Сабіна Бергман-Поль
узначаліла Народную палату НДР, фактычна стаўшы кіраўніком краіны. Калі ФРН і
НДР аб’ядналіся, усходненямецкі ХДС, «Дэмакратычны прарыў» і Дэмакратычная
сялянская партыя Нямеччыны, якая існавала з 1948 года, увайшлі ў склад
заходненямецкага ХДС.

 

Пэўная дэмакратызацыя ў гэты час адбылася і на Кубе, якой з
1959 года кіруюць камуністы. У 1992 годзе стварэнне партый тут перастала быць
крымінальна каральным злачынствам.

 

Хрысціянска-дэмакратычны рух Кубы паўстаў яшчэ ў 1959 годзе,
але аформіцца як партыя ён змог толькі ў 1991 годзе і тое ў ЗША — у Маямі. У
эміграцыі знаходзяцца і кіраўнік партыі і заснавальнік руху Марселіна Міярэс
Саталонга і Хасэ Ігнасіё Раска адпаведна. Партыя выступае супраць любога
знешняга ўмяшання на Кубе, у тым ліку супраць эмбарга ЗША. У 1996 годзе партыю
пакінула невялікая група пад назвай «Хрыстос Валадар».

 

Акрамя таго, у 1988 годзе вернікі аднаго з муніцыпалітэтаў
Гаваны заснавалі Хрысціянскі вызваленчы рух. Банкаўскі рахунак партыі
знаходзіцца ў Пуэрта-Рыка. ХВР неаднаразова заклікаў ЕС дапамагчы ў арганізацыі
дыялогу на Кубе. У 2003 годзе партыя выступала з ініцыятывай правядзення
рэформаў у краіне і сабрала ў падтрымку ініцыятывы некалькі дзясяткаў тысяч
подпісаў. У адказ камуністычныя ўлады Кубы толькі арыштавалі 75 дысідэнтаў. У
2012 годзе лідар і заснавальнік ХВР Асвальда Пая загінуў пры нявысветленых
абставінах у ДТЗ. Узначальвае партыю сёння Афелія Асеведа.

 

Таксама на хрысціянска-дэмакратычнай платформе стаяць
заснаваная ў 1990 годзе праваабарончая арганізацыя «Кубінскае дэмакратычнае
кіраванне» і ўзніклае ў 1996 Дэмакратычны кубінскі праект.

 

Наступны наш матэрыял будзе прысвечаны актыўнасці
хрысціянскіх партый у мусульманскіх краінах.

 

Максім Гацак

 

Болей навін