“Мядзведзь” рэкламуе алкагольную прадукцыю
Не даязджаючы па вуліцы Ціміразева да рынка
“Ждановічы”, па левую руку бачыш вялізнае чырвонае палатно, падобнае на савецкі
сцяг, з надпісам “Магазин алкогольных напитков”. Гэта дыскаўнтар, які належыць
ЧТУП “Грышчанка і партнёры”, ён жа “Мядзведзь”.
Адна з грамадскіх актывістак не паленавалася
змераць рулеткай гэтае палатно. Яго памеры ўражваюць: 6 метраў 20 см у даўжыню
і 2 метры 20 см у вышыню!
“Такіх
шыльдаў не бывае”, – падумала неабыякавая жанчына, сфатаграфавала “вывеску” і
разам з памерамі адправіла на электронны адрас Міністэрства гандлю РБ. Хай
цяпер разбіраюцца, што гэта – гіганцкая
шыльда альбо нахабная рэклама алкаголю.
Заяву, адпраўленую на адрас Міністэрства
гандлю, разгледзеў Мінгарвыканкам. З адказу на трох старонках можна зразумець
наступнае: 1) спіртныя вырабы ў нас прыроўненыя да тавараў першай неабходнасці;
2) што дазволена, тое і законна. Гэта значыць, гандляры самі вызначаюць памеры
сваіх шыльдаў і час рэалізацыі алкаголю, ніякіх абмежаванняў тут няма, і
мясцовыя адміністрацыі могуць падмахнуць што заўгодна.
ІП “Мядзведзь”, якое
вывесіла плакат памерам 6 на 2 метраў ”Продажа алкогольных напитков” у
Ждановічах, займаецца пастаўкай гародніны і садавіны ў Расію і краіны СНД. Тым не менш, вышэйназваны дыскаўнтар прапаноўвае “ўсе віды алкагольных
напіткаў з усяго свету” па нізкіх цэнах. Калі скрыня, то зусім танна.
У тэлефоннай размове
прадстаўнік кампаніі паабяцала ўлічыць пажаданне “быць больш сціплымі” і
памяняць шыльду на нармальную.