У Мінску праходзіць устаноўчы з’езд БХД (абнаўляецца)
У Мінску 13 чэрвеня ў Палацы культуры Мінскага трактарнага завода праходзіць устаноўчы з’езд Партыі «Беларуская Хрысціянянская Дэмакратыя». Гэта ўжо пятая спроба зарэгістраваць БХД як партыю. Таксама два разы прадпрымаліся спробы зарэгістраваць грамадскую арганізацыю беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў, моладзевую арганізацыю МХД і дзесяць разоў рэгіянальныя структуры БХД, але ніводная спроба да рэгістрацыі не прывяла.
У з’ездзе ўдзельнічае больш за 200 дэлегатаў, кіраўнікі дыпламатычных місій Вялікбрытаніі, Швецыі і ЗША, сваякі палітвязняў Мікалая Статкевіча, Мікалая Рубцова, Яўгена Васьковіча, прадстаўнікі і лідары іншых партый і арганізацый.
«Ніводнае дасягненне БХД не было б магчымым, без працы соцень хрысціянскіх дэмакратаў», – адзначыў сустаршыня аргкамітэту Віталь Рымашэўскі.
Паводле яго, за апошнія тры гады БХД заняла лідарства ў рэгіянальнай працы. Распрацаваныя праекты рэформаў сістэмы адукацыі і ЖКГ. Пачала працу сіньёрская арганізацыя, маладзёвая структура МХД стала самай моцнай моладзевай арганізацыяй у Беларусі. Упершыню ўнесеныя сур’ёзныя змены ў законы аб ахове здароўя, рэкламе алкаголю. «Мы зрабілі першы крок, каб забойстваў ненароджаных жыццяў у краіне стала менш. Мы працягнем гэту працу пакуль забойствы ненароджаных дзяцей не спыняцца ў нашай краіне», – адзначыў ён.
Віталь Рымашэўскі падкрэсліў, што БХД перасягнула межы палітычнай партыі і стала сапраўдным грамадскім рухам, які таксама плануецца запачаткаваць на гэтым з’ездзе. Ён таксама звярнуў увагу, што ў Беларусі за гэты час у выніку прыняцця ўладамі дыскрымінацыйных законаў “ўжо няма катэгорыі насельніцтва якая б не была пакрыўджана”, заклікаўшы хрысціянскіх дэмакратаў быць сапраўднымі абаронцамі народных інтарэсаў.
У сваю чаргу сустаршыня Павал Севярынец звярнуў увагу на кампаніі БХД падчас свіной чумы. Стварэнне новых структур БХД у амаль дзесяці гарадах Беларусі, актывізацыю дзейнасці хрысціянскіх дэмакратаў Менскай вобласці. Звярнуў увагу на культурніцкую і інфармацыйную дзейнасць БХД: выданне кніг “Беларуская глыбіня”, “Чарвяк”, “Сем камянёў”, двух дыскаў спеваў “Беларускі хрысціянскі хіт”. Абсалютны рэкорд быў дасягнуты падчас праграмы “Ды-джэі Адраджэння”. Таксама распрацаваная праграма святкавання ў 1917 годзе 100-годдзя БХД.
Сустаршыня БХД Георгі Дзмітрук заявіў, што ўся папярэдняя крытыка БХД аказалася марнай. “Нашыя словы знаходзяць водгук у сэрцах Беларусі і высокіх кабінетах”, – сказаў ён, прывёўшы ў якасці прыкладу паляпшэнне сітуацыі з ігорным бізнэсам, хоць і “гэтага мала”.
Георгі Дзмітрук заклкіаў даць адказ на такія выклікі як карупцыя і знішчэнне канкурэнцыі. “Я хацеў бы заклікаць улады: “Перастаньце шукаць ворагаў Беларусі ў апазіцыйным асяроддзі. Ворагі Беларусі, беларускай эканомікі сядзяць у высокіх кабінетах”, – падкрэсліў ён.
Ворагамі беларускай эканомікі ён назваў прагнасць банкаў, беспакаранасць падатковых органаў, засілле буйных гандлёвых сетак.
Таксама Георгі Дзмітрук заклікаў прыкласці намаганні, каб 2017 год з нагоды 500-годдзя першай друкаванай кнігі ў Беларусі стаў годам Бібліі ў Беларусі. “Мы розныя, але Біблія ў нас адна”, – падкрэсліў ён.
Па нашых з вамі прапановах прынятыя змены ў законы аб абортах, “выратаваныя тысячы жыццяў”. Практычна прынятыя змены ў законы па спаіванні насельніцтва алкаголем. Сотні кампаній праведзена на розных узроўнях. “Мы наймацнейшая партыя. І не трэба гэтага саромецца, трэба гэта пацвярджаць год ад года”, – адзначыў адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі.
Крытыкам з інтэрнэту ён параіў альбо ісці і дзейнічаць і паказваць вынікі, альбо крытыкаваць саміх сябе.
Таксама на з’ездзе выступілі рэгіянальныя кіраўнікі БХД Алег Аксёнаў, Мікола Баўсюк, Іван Бядко, Вольга Кавалькова, Таісія Кабанчук, Павал Пракаповіч, Таццяна Севярынец, Аляксандр Шарыпаў, лідары моладзевай і сіньёрскай структур Марына Хоміч і Наталля Маразевіч, прэс-сакратар Максім Гацак, рэдактар хрысціянскага інфармацыйнага парталу КРЫНІЦА.INFO Анатоль Шырвель і кіраўнік “Інстытуту дэмакратыі і сацыяльнага рынку” Зміцер Кухлей.