Рымашэўскі: найважнейшы вынік нашай працы – першыя крокі па абароне дзяцей ва ўлонні маці
Прапануем вашай увазе выступ сустаршыні аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталя Рымашэўскага на ўстаноўчым з’ездзе БХД 13 чэрвеня ў Менску.
“Шаноўныя госці!
Дарагія сябры! Брыты і сёстры!
Гэты выступ у праграме абазначаны як справаздачны, і я агучу кірункі за каторыя нясу адказнасць і справы да якіх спрычыніўся. Але, найперш хачу адзначыць, што ўсе без выключэння партыйныя дасягненні зробленыя, у першую чаргу, дзякуючы працы кожнага з Вас.
Вы чулі сёння вітанні ад найбуйнейшых і наймацнейшых еўрапейскіх палітычных сілаў – і гэта найлепшая адзнака працы міжнароднага кірунку. Гэта важнае сведчанне прызнання БХД на міжнародным узроўні, але найперш успрыміце іх як адзнаку вашай асабістай працы ў партыі ў складаных беларускіх умовах.
За гады, што мінулі з мінулага з’езду – міжнародны кірунак стаў не проста наладжваннем важных міжнародных кантактаў. БХД зрабіла першыя крокі ў міжнароднай палітыцы, важныя не толькі для хрысціянскіх дэмакратаў, але і дзеля ўсёй Беларусі. У час саміту ўсходняга партнёрства ў Вільні менавіта намі, разам з літоўскімі партнёрамі былі арганізаваныя слуханні па Беларусі з удзелам праваабаронцаў, сваякоў палітвязняў. У Рызе была падрыхтаваная і прадстаўленая супольная стратэгія беларускіх дэмакратычных сілаў у дачыненні да праграмы Усходняга партнёрства. Мы будзем распрацоўваць уласнабеларускія міжнародныя стратэгіі і імкнуцца ўплываць на міжнародную палітыку ў дачыненні да нашай краіны і усяго рэгіёну Усходняй Еўропы.
Партыйная адукацыя – яшчэ адзін кірунак, за каторы нясу адказнасць. Партыйныя школы сталіся добрай штогадовай практыкай. Сёння рэгіянальныя лідары і актывісты БХД бяруць удзел у адукацыйных мерапрыемствах не толькі ў Беларусі, але і ў краінах Еўразвязу.
За апошнія гады БХД усталявала трывалыя стасункі з лепшымі экспертамі Беларусі. Дзякуючы гэтай супрацы стала магчымай стварэнне новай праграмы партыі, каторая адпавядае сусветным стандартам і каторую сёння мы з вамі будзем прымаць.
УПЕРШЫНЮ за час існавання БХД, на падставе хрысціянска-дэмакратычных прынцыпаў распрацаваныя канцэпцыя рэфармавання беларускай сістэмы адукацыі і сістэмы ЖКХ. У гэтым годзе будзе працягнутая праца над іншымі праектамі рэформаў.
Упершыню БХД узяла лідарства ў рэгіёнах і стала ініцыятарам стварэння рэгіянальных кааліцый.
За час, што мінуў з мінулага з’езду, Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты сталі самай актыўнай моладзевай арганізацыяй Беларусі. МХД абараняе беларускую моладзь ад наркотыкаў, змагаецца за якасную адукацыю, далучае да партыі новых людзей.
Запачаткаваная і пачала самастойныя праекты Сіньёрская арганізацыя хрысціянскіх дэмакратаў, каторая яднае пенсіянераў..
Мы з вамі правялі важныя для партыі і для краіны кампаніі – “Народны кантроль”, кампаніі ў падтрымку беларускіх сем’яў, у абарону жыцця.
Па прапанове хрысціянскіх дэмакратаў былі зменены беларускія законы – аб ахове здароўя, аб забароне рэкламы алкаголю і продажы новых відаў наркотыкаў.
Найважнейшым вынікам нашай працы — з’яўляюцца першыя крокі па заканадаўчай абароне беларускіх дзяцей ва ўлонні маці. Калі, дзякуючы нашай з вамі працы хаця б некалькі чалавечых некалькі жыццяў сталася ўратавана— мы можам адказваць перад Госпадам і перад людзьмі, што нашае існаванне не дарэмнае. Толькі за 15 апошніх год больш за мільён беларусаў былі забітыя і не здолелі пабачыць свет. Яны не маюць не правоў, не нават магчымасці вымавіць слова ці гук у сваю абарону. І наш абавязак – з Божага дабраславення, працягнуць наша змаганне ў абарону жыцця і спыніць забойствы немаўлят у нашай краіне.
Усе гэтыя дасягненні сталіся магчымымі, у першую чаргу, дзякуючы новым нацыянальным лідарам з шэрагу хрысціянскіх дэмакратаў – нашым гожым жанчынам – Вользе Кавальковай, Марыне Хоміч, Наталлі Маразевіч. .. . А таксама дзякуючы працы нашых рэгіянальных лідараў: Кабанчук Таісіі, Грыцэнкі Святланы, Аксёнава Алега, Галіны Болазевай, Баўсюка Мікалая, Сяргея Верамеенкі, Таццяны Севярынец, Шабуні Алены, Яўгена Анішчанкі, Каржанеўскай Галіны…. За кароткім часам выступу немагчыма пералічыць усіх, але толькі дзякуючы штодзённай, часам нягучнай і сціплай працы кожнага з вас, сталіся магчымыя ўсе нашыя справы.
Гэта дзякуючы праведзенай вамі палітычнай кампаніі байкоту і назірання ў 2012 годзе , удалося даказаць, што яўка не адбылася і выбары былі не сапраўдныя.
Дзякуючы шматлікім грамадскім кампаніям, мы сёння можам сцвярджаць, што Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя – перасягнула межы палітычнай партыі і становіцца сапраўдным грамадска-палітычным рухам. Менавіта на гэтай падставе аргкамітэт прапануе т прыняць рашэнне аб заснаванні і рэгістрацыі не толькі палітычнай партыі, але і грамадскага руху хрысціянскіх дэмакратаў.
Гэта неабходна яшчэ і таму, што сённяшняя ўлада бароніць толькі інтарэсы вертыкалі. Шэраг дыскрымінацыйных законаў, што прынятыя за апошнія паўгады – накіраваная не толькі супраць дэмакратычных сілаў, але супраць усяго беларускага народу (узгадайма закон аб дармаедах, пагаршэнне працоўнага кодэксу, уціск малога бізнесу.) Ужо няма катэгорыі грамадзянаў (за выключэннем чыноўнікаў), каторых бы дзейны рэжым не прынізіў, не абабраў.
Таму беларускія хрысціянскія дэмакраты мусіць стаць абаронцамі простых людзей, кожнага беларуса ад гвалту і несправядлівасці. Вярнуць вартасць у грамадстве і палітыцы каштоўнасцям хрысціянскай маралі, салідарнасці, справядлівасці, адказнасці за лёс сваёй краіны – наша з вамі задача.
Многія кажуць, што змяніць ў беларускіх умовах нічога немагчыма. Немагчыма змяніць уладу.
Але мы з вамі ведаем, — для Госпада няма нічога немагчымага. І дзеля таго, каб хрысціянскім дэмакратам прыйсці да ўлады – трэба проста стаць годнымі свайго паклікання, быць моцнымі і быць здольнымі кіраваць краінай. І сёння з упэўненасцю можна казаць, што першы крок ў гэтым кірунку БХД зрабіла.
Ужо зараз за гэтымі трыма словамі: Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя – стаяць не толькі прыгожыя лозунгі, але і важныя справы, зробленыя дзеля нашай бацькаўшчыны.
Пакуль нас ведае не так шмат людзей. Мы зрабілі яшчэ няшмат, але мы заклалі добры пачатак.
І я веру, што хуткім часе кожны грамадзянін нашай краіны з упэўненасцю зможа сказаць, што ў Беларусі існуе сапраўдная народная партыя з хрысціянскім сэрцам., а значыць — ЖЫВЕ Беларусь”.