Пастанова з’езда БХД 13 чэрвеня 2015 года

13 чэрвеня 2015 15:01  |  Галоўныя навіны

Пастанова з'езда БХД 13 чэрвеня 2015 года

ПАСТАНОВА З’ЕЗДА БХД 13 ЧЭРВЕНЯ 2015 Г.
– Ацэньваючы палітычнае становішча ў Беларусі як беззаконне
– Зважаючы на эканамічны, сацыяльны, культурны, маральны крызіс беларускага грамадства і сённяшняй дзяржаўнай сістэмы
– Разглядаючы праяўленую няздольнасць апазіцыі аб’яднацца ў кампаніі 2015 года як сур’ёзную паразу дэмакратычнага руху
– Зыходзячы з пагрозы незалежнасці Беларусі
З’езд БХД заяўляе:
1. Ва ўмовах адсутнасці свабодных і справядлівых выбараў, а таксама раз’яднанасці апазіцыі БХД як палітычная партыя прымае рашэнне не вылучаць уласнага кандыдата і не падтрымліваць ніводнага з кандыдатаў у кампаніі 2015 г. Тым часам мы гатовыя да супрацы з усімі дэмакратычнымі сіламі, чые ідэалогія і дзеянні не супярэчаць прынцыпам БХД.

2. Ва ўмовах, калі беларускі народ пазбаўлены магчымасці абіраць уладу, калі з боку дзяржаўных ворганаў аказваецца сістэматычны ціск на любыя незалежныя ад рэжыму арганізацыі (палітычныя партыі, няўрадавыя арганізацыі, цэрквы, незалежныя прафсаюзы, адвакатуры ды інш.), здольныя прадстаўляць інтарэсы грамадства, хрысціянскія дэмакраты вызначаюць сваёй першачарговай задачай на бліжэйшы час – стаць грамадскай і палітычнай сілай, каторая бароніць інтарэсы беларускага народу. Дзеля гэтага БХД будзе ўзмацняць працу народных самакіраванняў у кожным горадзе, кожным мястэчку краіны як незалежную альтэрнатыву праўладным і прапуцінскім арганізацыям. Галоўная мэта народных самакіраванняў – абарона асноўных правоў і свабод грамдзян краіны, у тым ліку права на свабодныя справядлівыя выбары, права на свабоду сходаў, незалежную інфармацыю, годнае жыццё. Задачамі народных самакіраванняў таксама з’яўляецца абарона грамадзян ад незаконнага пераследу з боку карумпаваных чыноўнікаў, арганізацыя грамадскіх кампаній, распрацоўка і адстойванне альтэрнатыўных планаў развіцця рэгіенаў і краіны ў цэлым.

3. БХД мае распрацаваць і прадставіць як адмыслоўцам, так і шырокай грамадзкасці шэраг законапраектаў рашучых рэформаў для Беларусі ў сферах права, эканомікі, абароны, інфармацыі, культуры, сацыяльнай палітыкі.

4. Адна з галоўных задач БХД на бліжэйшы час – правядзенне кампаніі “За даступную і якасную медыцыну”. Наша мэта – дамагчыся зменаў у заканадаўства ўжо цяпер, і змяніць правапрымяняльную практыку, каб неадкладна рэфармаваць сістэму аховы здароўя краіны і забяспечыць кожнаму грамадзяніну Беларусі годнае медычнае абслугоўванне.

5. Найважнейшай задачай БХД лічыць працяг кампаніі “За жыццё”. Мы прыкладзем усе намагані, каб ў Беларусі, паводле прыкладу такіх еўрапейскіх краін як Польшча і Германія, было забяспечана і ахоўвалася законам права на жыццё кожнага чалавека. У тым ліку, ўласнае права на жыццё яшчэ не народжанага чалавека на кожнай стадыі цяжарнасці.

6. БХД падтрымлівае кампанію салідарнасці з мэтай вызвалення Мікалая Статкевіча і ўсіх палітвязняў.

7. Дзеля адстойвання права беларусаў на свабодныя і сумленныя выбары БХД удзельнічае ў кампаніі назірання “Права выбару”. Першачарговай задачай незалежнага назірання мы бачым фіксацыю рэальнай яўкі на “выбарах”, выяўленне фактаў прымусу і фальсіфікацыяў.

8. Перад пагрозай незалежнасці Беларусі, ва ўмовах крамлёўскай агрэсіі ва Ўкраіне БХД бачыць сваёй неадкладнай надзённай справай гуртаванне ўсіх сіл, здольных абараніць беларускую незалежнасць.

БХД пакліканая яднаць тых, хто гатовы браць на сябе адказнасць за Беларусь ужо цяпер. Тысячы сумленных прафесіяналаў, актыўных у грамадска-палітычным жыцці – гэта маральная база для пераменаў. Праца ў палітычных, сацыяльных, інфармацыйных і культурных кампаніях набліжае той час, калі Беларусь будзе сапраўды вольнай, дэмакратычнай, незалежнай і грунтаванай на хрысціянскіх прынцыпах.
Менск, 13 чэрвеня 2015 года

Болей навін