У Мінску прадставяць кнігу пра лідара хрысціянскіх дэмакратаў Крукоўскага
23 чэрвеня ў Мінску адбудзецца прэзентацыя кнігі Анатоля Астапенкі “Мікалай Крукоўскі. Бляск і трагедыя філосафа”, выдадзенай ў серыя “100 выдатных дзеячоў беларускай культуры” у выдавецтве “Харвест”.
З уступу кнігі: “Чалавек універсальных поглядаў і доўгага, яркага і насычанага жыцця. Партызан-ардэнаносец. Чалавек, які прайшоў вайну, пранёс праз усё жыццё сляды атрыманага ў баі ранення.
Творца сучаснай эстэтыкі і канцэпцыі беларускай нацыянальнай ідэі.
Аўтар унікальных кніг, і мноства артыкулаў на самыя разнастайныя тэмы філасофскага, культуралагічнага, паліталагічнай зместу ….
Прафесар культуралогіі. Старшыня Беларускай хрысціянска-дэмакратычнай партыі. Астраном-аматар і выдатны музыка. Аматар турпаходаў і спорту …
Гэта ўсё – Мікалай Крукоўскі.”
Месца правядзення мерапрыемства: Мінск, пр. Пераможцаў 8, музей ВАВ. Пачатак – 17:00.
Даведка:
Мікалай Крукоўскі (1923-2013) — беларускі філосаф, культуролаг. Доктар філасофскіх навук (1986), кандыдат філалагічных навук (1952), прафесар (1988).
Падчас Другой сусветнай вайны добраахвотнікам пайшоў на фронт. Ваяваў у партызанскай брыгадзе Канстанціна Заслонава. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, медалём «За адвагу», медалём «Партызану Айчыннай вайны» I ступені.
Пасля вайны скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1950). Выкладаў у БДУ і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, Нацыянальным навукова-асветніцкім цэнтры імя Францыска Скарыны. Стаяў ля вытокаў партыі “Беларуская хрысціянска-дэмакратычная злучнасць”. У 1994 годзе быў абраны старшынёй Беларускай хрысціянска-дэмакратычнай партыі.