Магілёўскія дэмакраты аб’ядналіся ў межах кампаніі “Права выбару – 2015”
У Магілёўскай вобласці прадстаўнікі шасці дэмакратычных арганізацый пачалі сумесную дзейнасць у межах кампаніі “Права выбару – 2015».
Як паведаміў БелаПАН каардынатар кампаніі па Магілёўскай вобласці Алег Аксёнаў, узаемадзеянне наладжана паміж аргкамітэтам па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, рухам “За Свабоду”, Партыяй БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй (Грамада), кампаніяй «Гавары праўду» і незалежным прафсаюзам РЭП.
«Галоўная мэта кампаніі – назіранне за прэзідэнцкімі выбарамі, каб паказаць, ці сапраўды ў Беларусі такія ёсць», – сказаў Аксёнаў. Паводле яго слоў, да канца гэтага месяца ў вобласці будуць створаны валанцёрскія групы з людзей, якія выказалі жаданне ўдзельнічаць у назіранні.
Адзначым, што на нацыянальным узроўні ў кампанію па назіранні за выбарамі “Права выбару – 2015» уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», кампанія «Гавары праўду!», Рух «За Свабоду», Партыя БНФ, партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз РЭП і аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу.