Суб’екты кампаніі «Права выбару-2015» судзяцца з Цэнтрвыбаркамам
Адпаведная скарга на бяздзейнасць дзяржаўнага органа была накіравана ў суд Маскоўскага раёна Мінска сёння 29 чэрвеня.
Ініцыятары скаргі просяць абавязаць Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў даць матываваны адказ на калектыўныя прапановы па змяненні заканадаўства, якія былі пададзеныя 7 красавіка, а таксама аднавіць прапушчаны па паважаных прычынах тэрмін падачы скаргі ў суд на падставе таго, што ажыццяўлялася абскарджванне бяздзейнасці дзяржаўнага органа ў парадку адміністрацыйнага працэсу праз падачу скаргі ў Камітэт дзяржаўнага кантролю.
Адзін з каардынатараў кампаніі «Права выбару-2015» Дзяніс Садоўскі лічыць, што Цэнтрвыбаркам і Камітэт дзяржкантролю праявілі поўную непавагу да ініцыятараў звароту.
– Мы не будзем мірыцца з тым, што нас цалкам ігнаруюць і парушаюць заканадаўства, таму і падалі скаргу ў суд. У сваёй працы мы выкарыстоўваем усе законныя метады, каб дабіцца з боку Цэнтрвыбаркаму выканання законаў Рэспублікі Беларусь. Калі ж ЦВК адмаўляецца гэта рабіць, то мы будзем інфармаваць грамадзян краіны аб гэтых фактах, каб людзі самі маглі зрабіць выснову аб сумленнасці выбараў, – кажа Дзяніс Садоўскі.
Нагадаем, што 7 красавіка 2015 на адрас Цэнтрвыбаркама быў адпраўлены зварот (калектыўныя прапановы па змяненню заканадаўства), аднак насуперак патрабаванням арт. 17 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў” ён не даў ніякага адказу ў вызначаны законам пятнаццацідзённны тэрмін.
Такім чынам службовымі асобамі Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў былі парушаныя арт.7 і п.3 арт.17 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў” (права заяўнікаў на атрыманне адказу на звароты ва ўстаноўлены тэрмін).
1 чэрвеня ў сувязі з парушэннем Цэнтрвыбаркамам тэрмінаў адказу на калектыўны зварот была накіравана скарга ў Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь з заявай аб прыцягненні вінаватых службовых асобаў да адміністратыўнай адказнасці за здзейсненае правапарушэнне, прадугледжанае арт. 9.13 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях “Парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў”, аднак КДК не знайшоў падставаў для пачатку ў дачыненні да службовых асобаў Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў адміністрацыйнага працэсу.
У кампанію па назіранню за выбарамі “Права выбару-2015” уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, “Гавары праўду!”, “Рух “За Свабоду!”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.
Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаваньне на іх.