У Слоніме сабралі больш за 200 подпісаў супраць дэкрэта аб дармаедстве
Каардынатар аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя Іван Бедка 6 ліпеня адправіў у адміністрацыю прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у Савет міністраў Беларусі, у Гродзенскі аблвыканкам і Слонімскі райвыканкам больш за 200 подпісаў слонімцаў супраць дэкрэту пра дармаедства і за стварэнне працоўных месцаў з годнымі заробкамі ў Слоніме. Подпісы сабралі сябры грамадскай ініцыятывы “Народны кантроль” і проста слонімцы.
У калектыўным звароце паведамляецца, што ў Слонімскім раёне ўтварылася крытычная сітуацыя з працаўладкаваннем. Прадпрыемствы развальваюцца, масава скарочваюцца працоўныя месцы. Складаная сітуацыя з прадпрымальнікамі, якія ўрэшце папоўняць шэрагі беспрацоўных.
Тым, хто зарабляў на жыццё ў Расеі, ехаць туды ў большасці сваёй, не мае сэнсу: у сувязі з крызісам не заробіш. З-за штодзённага росту цэн большасць грамадзян знаходзіцца на мяжы выжывання.
“У такой сітуацыі грамадзяне не маюць магчымасці рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на працу. Кіраўніцтва краіны замест стварэння працоўных месцаў з годным заробкам, прымае закон аб дармаедстве. Як выжыць у гэтых умовах маладым сем’ям, якія не маюць ні кватэры, ні працы з дастойным заробкам, на які можна жыць, а не выжываць, іншым катэгорыям грамадзян, якія не маюць працы?” – сказаў Іван Бедка.
Збор подпісаў супраць дэкрэта аб дармаедстве працягваецца.