Дзяніс Садоўскі. ПРАВА ВЫБАРУ. Дзе доказы фальсіфікацыі выбараў у Беларусі?
Нашы галасы павінны вызначаць вынік выбараў! Нашы галасы павінны вызначаць будучыню нашай краіны! Нашы галасы павінны вызначаць, хто будзе пры ўладзе! Павінны! Але вось ужо каля 20 гадоў яны нічога не вызначаюць, і з 1996 года ні адны з выбараў у Беларусі не былі прызнаныя дэмакратычнымі і адпаведнымі міжнародным стандартам выбарчага працэсу.
Беларусы незадаволеныя якасцю адукацыі і медыцыны. Наш урад пасварыўся з усім цывілізаваным светам. У краіне найглыбейшы эканамічны крызіс, дэвальвацыя і рост беспрацоўя, аднак, нягледзячы на гэта, урад прымае законы, якія дадаткова абдзіраюць і так бяднеючых з кожным месяцам грамадзян.
Чаму так адбываецца? Таму што мы не вызначаем сваю будучыню. Таму што мы не можам праз выбары змяніць уладу, якая паказала сваю некампетэнтнасць, і даць магчымасць прафесіяналам вывесці Беларусь з крызісу.
Вы можаце мне запярэчыць: «У нас жа праходзяць выбары…». Так, праходзяць, але не выбары, а спектакль пад назвай «выбары». Для таго, каб «выбары» можна было назваць ВЫБАРАМІ, нашы галасы ў першую чаргу павінны лічыцца. А вось з гэтым як раз у нас і праблема. Ніхто шчыра не лічыць бюлетэні, а вынік выбараў фальшуецца. Доказы? Якія патрэбныя доказы, калі сам Лукашэнка прызнаў факт фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у 2006 годзе:
Так, гэта выглядае, магчыма, для кагосьці і смешна, што за Лукашэнку прагаласавала 93,5% беларусаў, і яны вырашылі, каб «заходнікам» спадабацца паменшыць вынікі выбараў да 86%. Але вы проста ўдумайцеся, наколькі нахабны і бесцырымонна механізм фальсіфікацыі выбараў у Беларусі, калі Ярмошына і ўся яе каманда за адну ноч мяняюць вынікі выбараў на тыя, якія патрэбныя Лукашэнку.
Трэба 86%? Будзе 86%! Трэба 99%? Без праблем, будзе 99%! І, нягледзячы на падобныя выказванні, Ярмошына застаецца кіраўніком ЦВК і ўжо зараз рыхтуе чарговую «элегантную» перамогу.
Калі нашы галасы не лічаць, нашу будучыню вызначаюць без нашага ўдзелу і без уліку нашых інтарэсаў.
Далучайцеся да кампаніі «Права выбару-2015» і разам з намі адстойвайце сваё права на справядлівыя выбары!
Толькі так мы з вамі можам уплываць на наша жыццё, выбіраць сабе і нашым дзецям лепшую будучыню.
Ваш удзел важны для нас. Толькі разам з вамі мы зможам зрабіць нашу кампанію больш маштабнай і выявіць магчымыя парушэнні выбарчага працэсу.
Толькі дзякуючы вашай актыўнасці мноства людзей зможа даведацца пра тое, як арганізуюцца і праходзяць выбары ў Беларусі, ці лічаць галасы выбаршчыкаў і ці магчыма рэальна назіраць за гэтым працэсам.
Крыніца: Беларускія навіны