Віцебшчына: БХД супраць прарасейскай “Чорнай сотні”
Каардынатар аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” па Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец 27 ліпеня падала ў Віцебскую абласную пракуратуру заяву грамадзян Беларусі па факце дзейнасці ў рэгіёне прарасейскіх арганізацый. Заяву падпісалі жыхары Віцебска, Глыбокага, Оршы, Наваполацка, Віцебскага і Аршанскага раёну ды іншых.
У заяве выказваецца занепакоенасць дзейнасцю ваенізаваных некамерцыйных арганізацый: ГА «Рускі дом» пад кіраўніцтвам А. Герашчанкі, «Рускі дом» у Віцебску, Нашчадкі Перамогі, «Наша праваслаўе”, ГА «Русь» пад кіраўніцтвам Ігара Патарава і яго намесніка Аляксея Мішурнага, спартыўна-пошукавага атрад “Брама Паазер’я”, Аршанскага праваслаўнага казацка-патрыятычнага клубу, дзейнасцю казакоў у Заслонава (Лепельскі раён) на базе в/ч №71327 пад правадырствам іерэя Алега Плаксіцкага, падобных фармаванняў у Полацку, Паставах.
“Гэтыя арганізацыі бесперашкодна праводзяць свае мерапрыемствы ў Талачыне, Оршы, Полацку, Друцку, прыцягваюць да ўдзелу маральна не ўмацаваных беларусаў – падлеткаў, даюць ім у рукі баявую зброю, пра што сведчаць справаздачы і фотасправаздачы з мерапрыемстваў на іх сайтах”, – гаворыцца ў заяве
У сённяшняй сітуацыі падпісанты лічаць дзейнасць падобных арганізацый, іх кіраўніцтва, публікацый на іх сайтах небяспечнымi для тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, спрыяльнымі для распальвання нацыянальнай і рэлігійнай варожасці.
“Патрабуем дбайнай пракурорскай праверкі дзейнасці вышэйназваных арганізацый і аб’яднанняў, адпаведнасці з iх статутам, высвятленню куратарства і крыніцы матэрыяльных сродкаў, на якія ажыццяўляецца гэтая дзейнасць”, – гаворыцца ў заяве.