Слонімскія ўлады ўзяліся за падпісантаў звароту супраць закону пра “дармаедаў”
Слонімскія ўлады ўзяліся вырашаць праблему з “дармаедамі”. Па інфармацыі людзей, якія паставілі свае подпісы пад зваротам да ўладаў па стварэнні працоўных месцаў, іх абзвоньваюць па тэлефоне і запытваюць, ці яны самі з’яўляюцца дармаедамі.
“Паведамляюць, што з адміністрацыі прэзідэнта прыйшла папера, каб разабраліся з тымі, хто падпісаўся. Абзвон вядзе Юзвовіч Вольга Пятроўна (замначальніка аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі)”, – паведамляе каардынатар аргкамітэту па стварэнні партыі БХД у Слоніме Іван Бядко.
Нагадаем, Іван Бядко 6 ліпеня адправіў у адміністрацыю прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у Савет міністраў Беларусі, у Гродзенскі аблвыканкам і Слонімскі райвыканкам больш за 200 подпісаў слонімцаў супраць дэкрэту пра дармаедства і за стварэнне працоўных месцаў з годнымі заробкамі ў Слоніме. Подпісы сабралі сябры грамадскай ініцыятывы “Народны кантроль” і проста слонімцы.