Рабочыя: рамонт віцебскай бальніцы, які плануюць завяршыць у 2015 годзе, няма чым скончыць
Яшчэ адзін аб’ект клопату ініцыятывы “За якасную медыцыну ў Віцебску”—інфекцыйная абласная бальніца. Завяршэнне рамонту першага корпусу ўнесена ў план горада на 2015 год. Жнівень. Спякота. Усе хворыя (а лета—гэта пара росквіту інфекцыйных захворванняў)— у другім корпусе, дзе аб рамонце мараць і хворыя, і лекары.
“Стан гэтага корпусу жахлівы: цёмныя абадраныя сцены калідораў, вузкія палаты з іржавым абсталяваннем, прагнілыя вокны, плесня”, – распавядае кіраўнік кампаніі, каардынатар аргкамітэту БХД Таццяна Севярынец.
Першы корпус, дзе рамонт ідзе гадоў пяць, звонку, ад вуліцы Фрунзе, выглядае прыстойна. Каля корпусу- пачатыя і закінутыя дарожкі. Каля цэнтральнага ўваходу маюцца 2-3 рабочых. Грукату не чуваць.
— Добры дзень! Вы тут рамонт робіце?
— Ну так…
— Калі ўжо скончыце?
— А хто яго ведае…
— Што так?
— Дык няма чым.
Зразумела. Пэўна, пакуль не дабудуюць новы шыкоўны будынак для КДБ (кажуць, ён будзе ў цэнтры, за пірамідай “Марка-сіці”, там будоўля ідзе вельмі спрытна, блізка не падыйсці. Пазначана, што будынак адміністрацыйны), так і прыйдзецца пакутваць няшчасным хворым на якую інфекцыю ў так званай бальніцы. Парвіся дактары хоць на часткі, але сама бальніца ніяк не спрыяе, каб хоць нейкая інфекцыя там сканала. Цікава, а віцебскія чыноўнікі хварэюць на інфекцыіі? Дзе лякуюцца?