Севярынец: “Патрыятызм” Лукашэнкі вымушаны

12 жніўня 2015 11:24  |  Галоўныя навіны

Севярынец: "Патрыятызм" Лукашэнкі вымушаны

Знешні фактар адыгрывае важную ролю ў настроях думак Лукашэнкі, лічыць сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец.

“Так, звычайна кіраўнік засяроджвае ўвагу электарату на пытаннях сытасці: маўляў, хлеб ёсць, трохі відовішчаў, чаго вам яшчэ? Але пасля падзей ва Ўкраіне ён зразумеў: Расія слабее, Расія – пагроза. А значыць, можна паспрабаваць прыручыць канька «тутэйшага нацыяналізму» – дзеля захавання сваёй улады”, – кажа палітык.

Адсюль, на яго думку, і дэвіз “За будучыню незалежнай Беларусі”. Аднак беларусам трэба разумець: выбараў няма і “патрыятызм” Лукашэнка вымушаны, не ўнутраны.

Севярынец перакананы, што эканамічная мадэль, культываваная ў апошнія 20 гадоў і завязаная на маніякальна-дэпрэсіўную імперыю, “разам з Расіяй спаўзае ў прорву. Прапаноўваць Беларусі НЭП рэжым не хоча, бо баіцца эканамічнай свабоды чалавека”.

Таму, робіць выснову сустаршыня БХД, казаць пра эканоміку няма чаго.

“Замест рэформаў будзе закручванне гаек, “аптымізацыя” і іншыя дрэнна схаваныя спосабы гвалту над людзьмі і гаспадаркай. Беларусам трэба адбудоўваць сваё жыццё і рыхтавацца да таго, што будзе пасля Лукашэнкі”, – падкрэсліў палітык.

Udf.by

Болей навін