На Данбасе развіталіся з Алесем Чаркашыным
33-гадовы Алесь Чаркашын пацярпеў 10 жніўня падчас танкавай атакі прарасейскіх баевікоў каля Валнавахі. Хлопца параніла з 82-мілімітровага мінамёта БМ-37. Ён страціў руку, а ад аскепкаў міны, якія трапілі ў грудзі, нырку і галаву, пачалося заражэнне крыві. Ваяр стаў першай беларускай ахвярай канфлікту ў Данбасе па ўкраінскім баку.
Баявыя пабрацімцы развіталіся з берасцейцам у базе 5 батальёну добраахвотніцкага ўкраінскага корпусу «Правага сектару», у складзе якога ён ваяваў.
Там прайшла служба памяці байца, якую правёў вайсковы капелан. На цырымоніі былі аднакурснікі і сябры Алеся з Херсона, дзе ён вучыўся. На развітанні быў начальнік 5 баталёну ДУК ПС Падалянін. Згодна з вайсковым цырыманіялам быў дадзены працяглы залп з аўтаматаў у гонар байца, а на труну паклалі бел-чырвона-белы сцяг і сцяг «Правага сектару».
Алесь Чаркашын быў экс-старшынём берасцейскай гарадской арганізацыі БХД. Ён быў медыкам, прайшоў адмысловую падрыхтоўку і ехаў на фронт дапамагаць параненым. Больш як паўгода быў у складзе ДУК ПС, а пазней стаў капеланам у складзе тактычнай групы «Беларусь».
Бацькі маладзёна пастанавілі пахаваць сына на радзіме ў Берасці. Ягонае цела даставяць у Беларусь дыпламатычным аўтам.
Адмыслова для дакументальнага фільму «Белсату» пад назваю «Білорус» Антося Цялежнікава Алесь Чаркашын напісаў песню «Не здавайся». Неўзабаве рэжысёр плануе выпусціць асобны кліп на кампазіцыю.
Паніхіда па Алесю адбылася і ў Бельгіі.
Падчас бою каля Валнавахі загінулі 7 байцоў, 11 былі параненыя. Сярод ахвяраў – украінец Віталь Ціліжэнка, які дапамагаў у арганізацыі тактычнай групы «Беларусь», бараніў Еўрамайдан, быў добраахвотнікам у АТА.
ДР, belsat.eu