Васьковіч застанецца ў БХД і зьбіраецца працягваць палітычную дзейнасьць
Яўген Васьковіч распавёў пра свае пляны пасьля вызваленьня падчас сустрэчы з прыхільнікамі партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя.
У прыватнасьці, Яўген Васьковіч заявіў, што і надалей будзе працаваць журналістам у газэце «Бабруйскі кур’ер».
«Калі пасьля вызваленьня я спаткаўся з Анатолем Санаценкам, рэдактарам гэтага выданьня, дзе я працаваў да зьняволеньня, то ён паведаміў, што не звальняў мяне, і я па-ранейшаму застаюся ў штаце рэдакцыі. Гэта было вельмі прыемна».
Актывіст таксама паведаміў, што застанецца ў складзе БХД і зьбіраецца працягваць палітычную дзейнасьць.
Яўген Васьковіч таксама распавёў пра ўмовы ўтрыманьня ў зьняволеньні. У прыватнасьці, былы палітвязень адзначыў, што турэмныя ўмовы жыцьця скіраваныя не на фізычнае, але на псыхалягічнае і маральнае прыніжэньне вязьняў, што найцяжэй было трываць ня холад ці спробы зьдзекаў, а бязьдзейнасьць:
«Ва ўмовах ізаляцыі, асабліва ў ШЫЗА, дзе я правёў 295 дзён, дапамагала выжываць любоў да жыцьця і прага дзейнасьці. Але турма — гэта як атрыманьне жыцьцёвага досьведу ў пэўнай навучальнай установе.
Да прыкладу, было жахліва даведацца ад іншых вязьняў, што ў гэты час у турме таксама знаходзіліся два чалавекі з так званай „расстрэльнай каманды“. Гэта азначае, што цяперашняя ўлада не пагрэбуе нічым: зьнішчыць нават сваіх самых адданых служкаў, калі гэта ёй спатрэбіцца».
Паводле актывіста, для вязьняў, які прызнавалі сябе праваслаўнымі хрысьціянамі, былі створаныя лепшыя ўмовы для спатканьня са сьвятарамі: да іх прыяжджалі часта і праводзілі малітвы, спавядалі. Каталіцкія і пратэстанцкія сьвятары бывалі ў турме рэдка. Актывіст кажа, што лічыў за лепшае ў турэмных умовах не прыступаць да споведзі, бо лічыў гэта небясьпечным.
Выйсьце знаходзіў у чытаньні Бібліі, беларускіх каталіцкіх выданьняў і малітоўнікаў, у самой малітве. Літаратуру ў вязьніцу перадавалі з волі, а потым актывіст пакідаў яе іншым зьняволеным-каталікам:
«Мне яна дапамагала, мусіць дапамагчы ім таксама. Бо бязь веры чалавек у турме ня мае будучыні. Ён нешта кажа, а пасьля шкадуе, нешта робіць, а пасьля шкадуе. Чалавек, які верыць, — ён адразу ведае, што вось гэта ён ня зробіць ніколі. А вось так — будзе рабіць заўжды, і гэта яго мацуе, трымае і дапамагае пазьбегнуць непатрэбных памылак. Я ўспрымаў сваё зьняволеньне як пасланае мне Богам выпрабаваньне і, адбываючы яго, выконваў Божую волю».
Падчас сустрэчы актывістка руху салідарнасьці «Разам» Надзея Батура перадала Яўгену Васьковічу лісты салідарнасьці, якія былі напісаныя яшчэ да вызваленьня ўкраінскімі актывістамі на кіеўскім Майдане.