У Брэсце развіталіся з Алесем Чаркашыным
У Брэсце ў чацвер прайшла жалобная цырымонія развітання з Алесем Чаркашыным, беларусам, які загінуў на Данбасе. У двары дома, дзе жыў Алесь, 3 верасня сабралося прыкладна 150 чалавек. Праводзіць Чаркашына ў апошні шлях прыйшлі яго сябры і паплечнікі. Сярод прысутных сустаршыні аркамітэту БХД Павел Севярынец i Георгій Дзмітрук, колішні каардынатар «Зубра» Павел Юхневіч, бард Андрэй Мельнікаў, актывіст незалежных прафсаюзаў Андрэй Стрыжак, лідара «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч і Наста Палажанка.
Труна была накрыта бел-чырвона-белым і ўкраінскім сцягамі. Яе сустрэлі воклічам «Героі не ўміраюць!», і людзі ўсталі на калені. У грамадзе былі відаць бел-чырвона-белыя сцягі і вянкі ў колерах украінскага сцяга.
Прыйшлі грэка-каталіцкі і пратэстанцкі святары. Спяваў хор — «Айчына мая у нябёсах», псалмы. Выступалі прадстаўнікі пратэстанцкай царквы. Людзі праспявалі «Магутны Божа», а 13:20 развітанне скончылася, труна была дастаўлена на могілкі. Крыж перад труной нёс пераемнік Алеся Чаркашына на пасадзе кіраўніка берасцейскай гарадской арганізацыі аргкамітэту БХД Аляксандр Храпко.
Падчас развітальнай цырымоніі на могілках людзі масава маліліся «Ойча наш». У развітанні на могілках ўзялі ўдзел чалавек 70, грэка-каталіцкі святар адпяваў па-беларуску.
Алеся Чаркашына правялі ў апошні шлях авацыяй і воклічам «Героі не ўміраюць».
Павел Севярынец зачытаў напісанае з кнігі Псальмаў ў Алеся на жэтоне. Павел пакланіўся бацькам Алеся, кажуч, што праз яго Бог вяртаецца ў Беларусь.
Для развітання ўключылі песню, якую напісаў Алесь на вайне. «За зямельку недарэмна, сваё жыццё я аддаю», — гаворыцца ў песні.
Каля 14-й гадзіны адбылося пахаванне на могілках вёскі Камяніца-Жыравецкая
Нагадаем, што Алесь Чаркашын на радзіме ўдзельнічаў у дзейнасці аргкамітэта партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”. На Данбасе быў капеланам беларускіх байцоў, якія ваююць на баку ўкраінскіх сілавікоў, меў пазыўны “Тарас”. 10 жніўня Чаркашын быў цяжка паранены ў баю з прарасійскімі баевікамі і праз некалькі тыдняў памёр у лякарні. Алесю Чаркашыну было 33 гады.