Севярынец: Беларусь можа ціхай сапай страціць рэшткі незалежнасці
Перспектыва стварэння расейскай базы ў Беларусі набліжаецца да рэалізацыі. Уладзімір Пуцін даручыў ураду падпісаць пагадненне аб стварэнні вайсковага аб’екту на тэрыторыі нашай краіны.
Перад тым, як падпісаць адпаведнае пагадненне, міністэрствы абароны і замежных справаў Расеі мусяць правесці перамовы з афіцыйным Менскам. Але ў адмыслоўцаў не ўзнікае сумневаў, што дакумент урэшце падпішуць.
ПАВАЛ СЕВЯРЫНЕЦ, БЕЛАРУСКАЯ ХРЫСЦІЯНСКАЯ ДЭМАКРАТЫЯ:
«Лукашэнка можа выкручвацца адносна часу ўступлення гэтага пагаднення, адносна дэталяў дагляду або правозу нейкіх матэрыялаў, перакідкі войскаў. Але прынцыпова – гэта кропка апоры, якая дазволіць у выпадку чаго і яго дзёрнуць да нагі. Яна будзе. На жаль, яна будзе».
Напярэдадні кіраўнікі краінаў публічна абмяняліся рытуальнымі заявамі падчас Другога форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі. Лукашэнка запэўніў, што ня здрадзіў усходняму суседу з Захадам.
АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА:
«Не трэба нас папракаць, што мы кудысьці разварочваемся. Нам няма куды разварочвацца. Мы былі заўсёды разам і будзем яшчэ доўга разам».
А Пуцін запэўніў партнёра ў палітычным падтрыманні. «Упэўнены, што гэтыя выбары пройдуць на самым высокім узроўні: у адпаведнасці з нашымі, беларускімі, міжнароднымі стандартамі. Я хачу пажадаць вам поспехаў», – заявіў кіраўнік Расеі.
Пра што гутарылі кіраўнікі краінаў за кадрам, застаецца здагадвацца, але менавіта пасля гэтай сустрэчы і з’явілася паведамленне пра рашэнне гаспадара Крамля наконт стварэння базы ў Сінявокай.
ПАВАЛ СЕВЯРЫНЕЦ, БЕЛАРУСКАЯ ХРЫСЦІЯНСКАЯ ДЭМАКРАТЫЯ:
«За 20 гадоў абдымкаў з Расеяй Лукашэнка даў Пуціну столькі рычагоў уплыву, што канкрэтна сказаць, які канкрэтна з гэтых рычагоў быў ужыты ў Сочы, сказаць немагчыма. Але ў прынцыпе сітуацыя вельмі кепская, і Беларусь можа ціхай сапай страціць рэшткі незалежнасці».
Пакуль дакладнае месца размяшчэння расейскай авіябазы ў Беларусі не вядомае. Называліся такія гарады, як Бабруйск, Баранавічы ды Ліда. Пагадненне аб дыслакацыі вайсковага аб’екту будзе дзеяць 15 гадоў, пасля чаго аўтаматычна можа працягвацца кожнае пяцігоддзе.