Місія АБСЕ ў сваёй справаздачы спасылаецца на кампанію назірання “Права выбару-2015”
У сваёй чарговай справаздачы за прамежкавы перыяд 26 жніўня – 16 верасня місія АБСЕ, якая працуе ў Беларусі, два разы ўзгадвае кампанію назірання, якую ладзяць прадстаўнікі дэмакратычных арганізацый Беларусі.
Першая ўзгадка ў справаздачы датычыцца колькасці прадстаўнікоў, якія былі накіраваны ў склад участковых выбарчых камісій ад кампаніі назірання “Права выбару-2015” і колькі чалавек увайшло ў камісіі ў выніку, а другая паведамляе, што кампаніі назірання “Права выбару-2015” і “Праваабаронцы за свабодныя выбары” з’яўляюцца найбольш актыўнымі з ліку незалежных грамадзян, якія назіраюць за працэсам правядзення выбараў.
Адзін з каардынатараў кампаніі, адказны сакратар аргкамітэту БХД Дзяніс Садоўскі лічыць падобныя ўзгадкі станоўчымі:
– Тое, што нас у сваёй справаздачы ўзгадала самая аўтарытэтная міжнародная арганізацыя, якая ладзіць назіранне за выбарамі, сведчыць пра якасць нашай працы. Мы кантактуем з доўгатэрміновымі назіральнікамі АБСЕ, якія працуюць у Беларусі і падтрымліваем з імі пастаянны кантакт. Некаторыя з назіральнікаў АБСЕ прысутнічалі пры правядзенні намі трэнінгах па падрыхтоўцы нашых назіральнікаў і высока ацанілі якасць правадзімай намі працы, – гаворыць Дзяніс Садоўскі.
Трэба адзначыць, што зараз у Беларусі працуе каманда АБСЕ, якая складаецца з 13 ключавых асоб, якія знаходзяцца ў Менску, а таксама 36 доўгатэрміновых назіральнікаў, якія працуюць у рэгіёнах. Кіраўніком місіі з’яўляецца Жак Форэ.
У кампанію па назіранні за выбарамі “Права выбару-2015” уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, “Гавары праўду!”, “Рух “За Свабоду!”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.
Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаванне на іх.