Віцебск далучыўся да кампаніі супраць расейскіх ваенных баз у Беларусі (фота)
Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі 27 верасня наведаў Віцебск, дзе правёў сустрэчы з актывістамі. На сустрэчах абмяркоўвалася кампанія назірання, планы хрысціянскіх дэмакратаў на бліжэйшы час.
Віцебскія актывісты БХД таксама далучыліся да кампаніі па абароне незалежнасці Беларусі, супраць уцягвання Беларусі ў замежныя вайсковыя канфлікты. Адбыўся збор подпісаў на вуліцах Віцебска і кірмашах за нейтральны статус Беларусі і супраць расейскіх вайсковых баз.
“Людзі ахвотна ставілі подпісы. Абсалютна ніхто не хоча, каб беларусы былі ўцягнутыя ў чужыя вайсковыя канфлікты, каб Беларусь рабілася мішэнню для замежных ракет. Віцябчане падтрымлівалі збор подпісаў, хоць некаторыя людзі баяліся ставіць подпісы хоць за што-небудзь. Але ўсе выказвалі згоду, што замежных вайсковых баз не мусіць быць на тэрыторыі Беларусі”, – адзначыла адна з лідараў БХД Віцебшчыны Алена Шабуня.
“У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь напісана, што Беларусь мусіць імкнуцца да нейтральнага статусу. Тое, што зараз робяць улады, – прамое парушэнне Канстытуцыі і ігнараванне меркаванняў грамадзян Беларусі. Мы павінны не дапусціць уцягвання нашай краіны ў пуцінскія аванцюры і новы віток “халоднай вайны”. Беларусь мусіць быць нейтральнай краінай. І кампанія супраць замежных вайсковых баз будзе пашырацца па тэрыторыі ўсёй краіны. Не толькі абласныя цэнтры, але і іншыя гарады неўзабаве далучацца да акцый у абароны незалежнасці Беларусі. Людзі павінны ведаць, што творыць гэтая ўлада”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.