На паседжанні Клуба жаночага лідарства ў Віцебску абмяркоўвалі еўрапейскую кухню
27 верасня ў Віцебску адбылося чарговае паседжанне Клуба жаночага лідарства па тэме “Еўрапейская кухня ў дачыненні да Беларусі”.
Выступоўца Зміцер Кухлей распавёў аб адносінах паміж Беларуссю і Еўразвязам. Патлумачыў ўдзельнікам клуба, пры якіх умовах могуць палепшыцца адносіны паміж нашай краінай і краінамі ЕЗ.
Вольга Бугай, прадстаўнік ствараемай партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, распавяла аб тым, як праходзяць выбары ў Нарвегіі. За ўсімі працэсамі яна назірала падчас візіту ў гэтую краіну.
Таццяна Севярынец, стваральнік Клуба і каардынатар БХД на Віцебшчыне, зачытала зварот жанчын да членаў выбарчых камісій. Жанчыны заклікаюць адказных за правядзенне выбараў і падлік галасоў не парушаць закон і не дазваляць гэта рабіць іншым. Бо “маніпулятары змогуць пазбегнуць адказнасці, пераклаўшы ўсю віну на шараговых членаў выбарчых камісій. Памятайце, што за парушэнне выбарчага заканадаўства прадугледжана адміністрацыйная і крымінальная адказнасць, без тэрмінаў даўніны (артыкул 192 Крымінальнага кодэкса), нагадваецца ў звароце. Напярэдадні выбараў гэтыя брашуры незалежныя назіральнікі перададуць членам выбарчых камісій.
І так як тэма паседжання Клуба жаночага лідарства была “Еўрапейская кухня ў дачыненні да Беларусі”, то Таццяна Севярынец прыгатавала шведскае нацыянальнае блюда “котбулар” па рацэпце з кнігі “Кухня краін Еўрапейскага звяза”. Гэту кулінарную кнігу склалі дыпламаты краін ЕЗ, якія жывуць і працуюць у Беларусі.
Майра Мора, кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага звяза ў Беларусі, пасол, кажучы пра гэтае выданне, адзначыла, што дыпламаты краін ЕЗ напісалі гэтую кнігу ў знак падзякі беларусам, з якімі ім пашчасціла пераламаць хлеб.
Кожны ўдзельнік паседжання атрымаў у падарунак гэтую кнігу, якая была выдадзеная ў рамках праекта ЕЗ “Падтрымка інфраструктуры якасці ў Рэспубліцы Беларусь – Бяспека харчовых прадуктаў”.
Vitebskby.com