Рымашэўскі: улады праводзяць мэтанакіраваную палітыку спойвання беларусаў
Сённяшнія ўлады замест таго, каб ахоўваць беларусаў ад алкагалізацыі, праводзяць мэтанакіраваную палітыку спайвання беларусаў. Пра гэта заявіў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі.
“Спіртовыя напоі займаюць да 20% плошчы гандлёвых залаў. Моладзь прывучаецца да распіцця спіртовых напояў з падлеткавага ўзросту”, – падкрэсліў ён.
Палітык нагадаў, што “хрысціянскія дэмакраты прапанавалі ўладам комплекс мер як абмежавальнага, так і прафілактычнага парадку для змагання з гэтай страшнай праблемай для Беларусі”.
“Ёсць выдатны досвед еўрапейскіх краін, якія прайшлі гэты шлях і маюць поспех падобных кампаній. У нашых прапановах да ўладаў улічаны сусветны паспяховы досвед у змаганні за здароўе нацыі. На жаль, сёння ва ўладаў перамагаюць меркантыльныя, аднадзённыя інтарэсы. Па сутнасці здароўе нацыі мяняецца на папаўненне бюджэту ад продажу алкаголю. Мы будзем прыкладаць усе намаганні, каб гэта спыніць”, – заключыў сустаршыня БХД.