Менская БХД пачынае кампанію супраць ушчыльнення сталіцы (фота)
20 кастрычніка адбылася сустрэча Менскай гарадской арганізацыі аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”, удзел у якой узялі больш за 50 чалавек. Сярод удзельнікаў – сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі, адказны сакратар Дзяніс Садоўскі, менскі каардынатар Вольга Кавалькова і іншыя.
На сустрэчы былі абмеркаваныя вынікі кампаніі назірання, узнагароджаныя яе актыўныя ўдзельнікі і прынятыя планы працы на бліжэйшыя месяцы.
На сустрэчы была зроблена справаздача па выніках правядзення кампаніі “Права выбару-2015” і ўдзел БХД у ёй. Адзначана, што хрысціянскія дэмакраты найбольш актыўна бралі ўдзел у кампаніі, найбольшая колькасць назіральнікаў была менавіта ад БХД. Асаблівая падзяка была выказана сябрам менскай гарадской арганізацыі, якія прысутнічалі на сустрэчы і ў сваёй большасці ўдзельнічалі ў назіранні.
Як адзначыў Дзяніс Садоўскі, які быў адным з кіраўнікоў кампаніі “Права выбару-2015”: “Адданая і адказная дзейнасць назіральнікаў дапамагла сабраць неабвержныя доказы маніпуляцый і фальсіфікацый вынікаў “выбараў”, што яшчэ раз падкрэслівае важнасць назірання падчас любой электаральнай кампаніі”.
“Скончылася прэзідэнцкая кампанія, у якой менская арганізацыя брала актыўны ўдзел. Зараз новы этап працы. З улікам таго, што ідзе абмеркаванне новага генеральнага плану Менска, мы пачынаем кампанію супраць ушчыльнення беларускай сталіцы. Прапановы ўжо распрацаваныя. У іх падтрымку мы будзем збіраць подпісы грамадзян, каб дамагчыся таго, каб улады ўлічвалі правы і інтарэсы менчукоў”, – падкрэсліла Вольга Кавалькова.