Пратэсты ІП у Гародні
У Гародні пачалася паўторная акцыя па зборы подпісаў за адмену пастановы ўрада, што тычыцца ўводу банкаўскіх тэрміналаў на рабочых месцах індывідуальных прадпрымальнікаў. Прычына такой акцыі – надта высокія кошты апаратаў беларускай вытворчасці, пры чым улады не рэгіструюць замежныя тэрміналы, якія можна купіць па значна ніжэйшых цэнах.
Кажа адзін з актывістаў па зборы подпісаў, сябар БХД Сяргей Верамеенка:
– Безумоўна, для спажыўца гэта выгодна. Але ў сённяшніх умовах трэба ўлічваць таксама інтарэсы прадпрымальнікаў. Няхай свабодная канкурэнцыя вырашае. Хтосьці мае магчымасць усталяваць гэты тэрмінал, хтосьці – не. Збіраем калектыўны зварот. Думаю, не менш за 500 подпісаў назбіраем. Калі купляць той жа банкаўскі тэрмінал, які каштуе 9-14 мільёнаў, то не акупіцца ён. Акрамя таго, трэба будзе плаціць і за сам тэрмінал.
Першая акцыя, калі было сабрана 129 подпісаў гарадзенскіх таксістаў, была праігнаравана ўладамі. Дзеянне пастановы ўрада па ўвядзенні банкаўскіх тэрміналаў для індывідуальных прадпрымальнікаў пачынаецца з 1 студзеня 2016 года.