Пра нас
Арганізацыйны камітэт партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” пачаў працу ў 2004 годзе. У яго ўвайшлі як ужо вядомыя ў Беларусі дэмакратычныя палітыкі-хрысьціяне, так і новыя грамадзкія лідэры.
БХД зьяўляецца права-цэнтрысцкай палітычнай сілай, якая засноўвае сваю дзейнасьць на хрысьціянскіх каштоўнасьцях і беларускім патрыятызме.
БХД выступае за пабудову грамадзтва, заснаванага на прынцыпах, дадзеных чалавеку Богам.
Сустаршыні “Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі”:
Георгі Дмітрук
Віталь Рымашэўскі
Павал Севярынец
Аляксей Шэін
ШТО ТАКОЕ ХРЫСЬЦІЯНСКАЯ ДЭМАКРАТЫЯ?
Гэта ідэя, якая грунтуецца на хрысьціянскіх маральных каштоўнасьцях. Хрысьціянства ў спалучэньні з дэмакратыяй для нас – гэта прыўнясеньне хрысьціянскіх маральных прынцыпаў у палітыку на розных яе ўзроўнях: у эканоміку, сацыяльную сфэру, культуру, адукацыю, іншымі словамі, любую сфэру жыцьця, зь якой сутыкаецца кожны чалавек.
ЯКІЯ КАШТОЎНАСЬЦІ Ў ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ДЭМАКРАТЫІ:
Ядро сыстэмы хрысьціянска-дэмакратычных каштоўнасьцяў складае трыяда паняцьцяў: Бог, Чалавек, Бацькаўшчына.
ЗА ШТО ВЫСТУПАЕ ХРЫСЬЦІЯНСКАЯ ДЭМАКРАТЫЯ?
– за сумленную, маральную, адказную палітыку;
– за абарону хрысьціянскіх каштоўнасьцяў ва ўсіх сфэрах жыцьця;
– за першынство Закону як грунту справядлівага дзяржаўнага ладу й грамадзкага парадку;
– за дзяржаву, якая стварае максымальна спрыяльныя ўмовы для росквіту сям’і й разьвіцьця асобы;
– за незалежную Беларусь;
– за прыватную ўласнасьць як гарантыю індывідуальнай свабоды;
– за разьвіцьцё беларускай культуры і дыялёг зь іншымі культурамі;
– за разумнае экалягічнае гаспадараньне на сваёй зямлі;
– за адкрытую палітыку ў адносінах з усім сьветам;
– за моцнае мясцовае самакіраваньне;
– за свабоду сумленьня й хрысціянскую талерантнасьць;
– за спрашчэньне бюракратычных працэдур і зьніжэньне падаткаў.